Міліцыя — пра затрыманых з паднятымі рукамі ля сцяны: даволі гуманнае стаўленне

У міліцыі лічаць гуманным, калі затрыманыя стаяць некалькі з паднятымі рукамі тварам да сценкі. Пра гэта парталу TUT.by заявіў намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Савецкага РУУС Мінска Сяргей Драздоў, піша Еўрарадыё.

ruus_1111.jpg


Фатаздымак мінчукоў, затрыманых на акцыі 8 лістапада, стаў шырока вядомы ў інтэрнэце. Дзясяткі людзей некалькі гадзін стаялі ва ўнутарным двары Савецкага РУУС у Мінску на холадзе з паднятымі рукамі тварам да сцяны. Праваабаронцы назвалі такое абыходжанне "абуральным беззаконнем".
Па каментар журналісты звярнуліся да аднаго з начальнікаў Савецкага РУУС — Сяргея Драздова.
"А які закон забараняе так утрымліваць затрыманых? Нічога такога я не бачу, закон не парушаны, да іх было даволі гуманнае стаўленне. Гэта людзі, якіх затрымалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пратаколы былі складзеныя на працягу трох гадзін з моманту затрымання. Гэта наша права іх так трымаць, у тым ліку ў мэтах бяспекі асабістага складу і з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі", — адказаў міліцыянт.
Па яго словах, людзей трымалі на вуліцы, бо развесці іх па ізалятарах хутка не маглі: занадта шмат было затрыманых. Праўда, Драздоў не змог назваць закон, які дазваляе такое стаўленне да адміністрацыйна затрыманых.
Журналісты нагадалі, што адна з затрыманых у Цэнтральным РУУС паскардзілася на такое абыходжанне ў Камітэт супраць катаванняў ААН, і яе справа там разглядалася. Драздоў адказаў, што "гэта іх меркаванне, мы не перавысілі ніякіх паўнамоцтваў".