Мінчуку мусілі вынесці прысуд за наезд на вайскоўцаў 11 жніўня, але ў выніку судовае следства будзе працягнута

У Мінскім гарадскім судзе 27 красавіка мусілі вынесці прысуд па крымінальнай справе супраць 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Осіпава. Але так пакуль і не вынеслі, распавядае «Вясна».

20210427095357_1f1a2187.jpg

Ціхана Осіпава абвінавачваюць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Замах на забойства вайскоўцаў» (ч.1 арт. 14 і 362), «Удзел у масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293), «Загадзя ілжывым даносе» (ч. 1 арт. 400).

Паводле версіі абвінавачання, у ноч з 10 на 11 жніўня хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту, наехаў на BMW на пяцярых вайскоўцаў, пасля чаго ўтапіў свой аўтамабіль у вадаёме і заявіў у міліцыю пра выкраданне.

Віну Осіпаў прызнаў толькі па ч. 1 арт. 400 КК («Загадзя ілжывы данос»), па другіх артыкулах — не прызнаў. На судзе ён казаў, што ў яго не было намеру на забойства, ён тады спалохаўся, убачыўшы як сілавікі разбіваюць машыны і выцягваюць адтуль кіроўцаў, таму ён і з'ехаў, выпадкова зачапіўшы вайскоўцаў. Паводле слоў хлопца, пакуль ён ехаў, сілавікі разбілі яму задняе правае шкло, супрацоўнік злева накіроўваў зброю ў бок яго аўтамабіля, тады ён прыгнуўся і ўжо не кантраляваў дарожную сітуацыю, але чуў, як па машыне з усіх бакоў б'юць дубінкамі.

Пракурор Антон Цюменцаў 20 красавіка прасіў пакараць Ціхана 12 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, бо, на яго думку, віна па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса даказаная. Але судовая калегія пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Цыкалы, калі выйшла з дарадчага пакоя, вынесла пастанову аб аднаўленні судовага следства з дадатковым допытам пацярпелых.

Суд па справе Ціхана Осіпава працягваецца. Наступнае пасяджэнне прызначана на 29 красавіка ў 10 гадзін.

Нагадаем, згодна з версіяй абвінавачання, у ноч з 10 на 11 жніўня, «паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, каля гадзіны ночы 25-гадовы мінчук прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Мінску для ўдзелу ў масавых беспарадках. Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго "BMW", з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі. Ігнаруючы патрабаванні міліцыі, кіроўца адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пяцярых вайскоўцаў унутраных войск. Наезд быў здзейснены на вайскоўцаў унутраных войск МУС, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і якія прымалі ўдзел у ахове грамадскага парадку».

Паводле версіі следства, мужчына ўцёк з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме недалёка ад месца здзяйснення злачынства. З мэтай стварэння алібі патэлефанаваў у 102 і заявіў аб выкраданні. Будучы папярэджаным аб крымінальнай адказнасці за загадзя ілжывы данос, паведаміў недакладную інфармацыю пра абставіны перамяшчэння аўтамабіля і папрасіў арганізаваць яго пошук.

Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы-кантрактнікі вайсковай частцы 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін. Яны заявілі патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды: Васільчанка — 500 рублёў, Воліс, Ляпёшкін, Ратас, Астапенка — па 200 рублёў. Усе сумы кампенасаваныя да суда. Усе пацярпелыя на судзе заявілі, што прэтэнзій да абвінавачанага не маюць.

Ціхан на судзе распавёў пра падзеі 11 жніўня. Яму трэба было на МКАД: на скрыжаванні Прытыцкага-Глебкі ён убачыў у люстэрка задняга віду шэраг людзей са шчытамі, які падыходзіў да яго.

«Я думаў, што яны пройдуць міма і мы спакойна паедзем далей. Але я ўбачыў, што на суседняй паласе сілавікі проста падышлі да аўто, выцягнулі з яго кіроўцу і пасажыра і паклалі тварам у зямлю, — распавёў абвінавачаны. — Да мяне таксама падышлі. Я спалохаўся і прыняў рашэнне з'ехаць. Уключыў аварыйку і пачаў рух».

Паводле слоў кіроўцы, пакуль ён ехаў, адзін з сілавікоў разбіў яму задняе правае шкло. Яшчэ адзін ударыў злева. А пры перастраенні аўтамабіліст чуў стук па кузаве ў задняй частцы аўто.

«Перастройваючыся, я сігналіў, каб мяне маглі заўважыць людзі на праезнай частцы. Калі ўбачыў групу сілавікоў, то пасігналіў ім і паміргаў фарамі. Перад маім набліжэннем яны пачалі расступацца».

Ціхан заўважыў, што супрацоўнік злева накіроўваў зброю ў бок яго аўтамабіля. Тады ён прыгнуўся і ўжо не кантраляваў дарожную сітуацыю, але чуў, як па машыне з усіх бакоў б'юць дубінкамі.

Калі ён ад'ехаў ад месца падзей, то ўбачыў таніраваны аўтобус з супрацоўнікамі ў чорнай форме і падумаў, што яго пераследуюць. Ён спалохаўся і зноў заехаў у парк Цівалі. Паводле яго слоў, там не гарэлі ліхтары і было цёмна, таму ён выпадкова з'ехаў у вадаём. Выбраўшыся з аўто, абвінавачаны выйшаў на вуліцу, сеў у таксі і паехаў дадому. Там ён патэлефанаваў у 102 і заявіў аб выкраданні, пасля чаго напісаў заяву, адзначыўшы пры гэтым, што машыну маглі эвакуіраваць з-за няправільнай паркоўкі.

20 красавіка пасля спрэчак бакоў Ціхан Осіпаў выступіў з апошнім словам, у якім, у тым ліку, звярнуўся да пяцярых пацярпелых вайскоўцаў, якія прыйшлі ў суд:

«Хлопцы, прабачце мне, не думаў я, што такая сітуацыя магла скласціся ў той вечар. Я вельмі рады, што вы [звяртаецца да пацярпелых] не атрымалі ніякіх траўм. Я проста прадставіў сябе на вашым месцы, і я б таксама, мякка кажучы, быў бы ў не меншым шоку ад таго, што адбывалася ў той вечар. Таму я прызнаю, што выпадкова мог здзейсніць на вас наезд. Хлопцы, шчыра, гэта было не спецыяльна. І заяўленыя вамі ўсімі маральныя шкоды, якія вы прад'явілі [у агульнай суме на пяцярых — 13 тысяч рублёў], я папрасіў, каб мае сваякі вам выплацілі.

Я не лічу сябе дрэнным чалавекам. Можаце спытаць любога чалавека, які асабіста са мной знаёмы, я ўпэўнены, што не знойдзецца ні аднаго чалавека, які б сказаў, што я зрабіў яму неяк дрэнна. Шкада, што мяне тут выстаўляюць асабліва небяспечным злачынцам, якім на самой справе я не з'яўляюся. Я не ідэальны чалавек, я таксама раблю нейкія памылкі, нейкія дурныя ўчынкі, адзін з якіх — гэтая заява, якую я зрабіў [Ціхан прызнаў віну толькі па ч. 1 арт. 400 КК ("Загадзя ілжывы данос")]. У чым я, вядома, шчыра раскайваюся і гатовы прыняць адказнасць за тыя ўчынкі, якія я здзейсніў. Маё сумленне чыстае. Я спадзяюся на справядлівы суд. І яшчэ хацеў бы сказаць вялікі дзякуй тым, хто прыйшоў мяне падтрымаць. Дзякую за ўвагу».