Мінінфарм блакуе медыя за спасылкі на «экстрэмісцкія» СМІ, але сам распаўсюджвае такі кантэнт
У Міністэрстве інфармацыі Беларусі патлумачылі, на якой падставе заблакавалі чарговы сайт незалежнага беларускага медыя. Аказваецца, уся справа ў забароне распаўсюджвання гіперспасылак на матэрыялы, якія прызнаныя судом экстрэмісцкімі. На самай справе, чыноўнікі маглі б пачаць з сябе і заблакаваць сайт Мінінфарма, піша reform.by.
Сёння стала вядома аб блакаванні для беларускіх
інтэрнэт-карыстальнікаў сайта выдання «Белорусы и рынок». Зайсці праз проксі
або з-за мяжы на сайт можна, а вось наўпрост з Беларусі ўжо нельга. Сайт
унесены ў так званы спіс абмежаванага доступу па рашэнні Мінінфарма.
Да абеду нават БелТА вырашыла даць нататку аб блакаванні
канкурэнта. Прычым атрымала камент у выходны дзень непасрэдна ў Мінінфарме.
«У ведамстве распавялі, што ў рамках рэалізацыі сваіх
паўнамоцтваў па кантролі за выкананнем нацыянальнага заканадаўства аб СМІ
Міністэрства інфармацыі Беларусі прыняло рашэнне аб абмежаванні доступу да
інтэрнэт-рэсурсу рэдакцыі газеты «Белорусы и рынок». У ведамстве было прынята
такое рашэнне па прычыне распаўсюджвання на сайце выдання гіперспасылак на
матэрыялы, якія прызнаныя судом экстрэмісцкімі. У адпаведнасці са ст. 38 закона
аб СМІ ўсталёўваецца прамая забарона на распаўсюд у тым ліку спасылак на падобныя
матэрыялы», — паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва.
За аналагічныя «злачынствы» ў Беларусі
заблакаваныя дзясяткі сайтаў незалежных медыя, нават тых, хто пакуль яшчэ не
прызнаны экстрэмістамі.
Reform.by заўважыў, што з тых жа прычын можна хоць зараз заблакаваць сайт mininform.gov.by, які дае дзясяткі публікацый з «экстрэмісцкімі» гіперспасылкамі. Адну з такіх спасылак можна пабачыць на здымку.