Мінюст рыхтуецца да зачысткі адвакацкай карпарацыі?

На прасторах інтэрнэту з’явіўся запіс з паседжання Канферэнцыі Мінскай абласной калегіі адвакатаў, якое прайшло ў пятніцу 5 лютага. На запісы выдатна чуваць, як намеснік начальніка ўпраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Мінюста Алена Радабольская выступае перад прысутнымі адвакатамі.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

“Асобна хачу спыніцца на судах, якія праходзілі з удзелам спецыялістаў Міністэрства юстыцыі. Гэта было, вы ўсё ведаеце, і ў СМІ таксама актыўўна абмяркоўвалася. Дык вось, тое, што ўбачылі нашы спецыялісты Міністэрства юстыцыі, якім чынам адвакаты прадстаўляюць інтарэсы свае ў судзе – гэта таксама вельмі недапушчальна. Мы ўбачылі, што адвакаты паказалі сабе, скажам так, з найгоршага боку. Яны непаважліва ставіліся як да суду, як да бакоў працэсу, зацягвалі працэс, таксама скажалі нормы, прамыя нормы закону. І, на нашу думку, мы лічым, што ўсе ж такі, эээ, што тыя адвокаты, якія публікуюць нейкія некарэктныя, неэтычныя, непісьменныя, непрафесійныя звароты, публікацыі ў СМІ – такім адвкатам не месца ў адвакатуры, і мы лічам, што ад такіх, ад такога баласта трэба пазбаўляцца” – лічыць Алена Радабольская.


Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Аляксей Лойка разважае над словамі чыноўніцы, што за гэтым можа стаяць і з іроніяй адзначае: “можа адвакатам прасцей за ўсё забараніць наогул выказваць сваё меркаванне ў публічнай прасторы?! А што, гэта цалкам выхад з сітуацыі, незалежныя СМІ ўжо перасталі пускаць на некаторыя рэзанансныя працэсы…”.
Такія выказванні, зробленыя на пасяджэнні адвакацкай супольнасці, з’яўляюцца недапушчальным умяшаннем у свабоду выказвання меркаванняў адвкатамі і не сумяшчальныя з прынцыпам незалежнасці адвакатуры ў цэлым. Дзяржслужбоўца не можа вызначаць лёс таго, хто можа быць адвкатам, а хто з’яўляецца баластам. Калі звртацца да сусветнага вопыту, які прыводзіўся на пасяджэнні ў прыклад, то важна адзначыць, што ў Расіі дзяржава не ліцэнзуе адвакацкую дзейнасць.
Фактычна словы чыноўніцы – гэта анонс расправы над тымі адвакатамі, хто прадстаўляў інтарэсы адваката па спрэчцы с Міністэрствам юстыцыі. Больш за тое, гэта прамая пагроза для тых адвкатаў, хто планаваў абараняць адвакатаў у будучыні. Такім чынам дзяржаўныя служачыя спрабуюць сфармаваць скавальны эфект для тых прадстаўнікоў адвакацкай карпарацыі, хто плануе ажыццяўляць абарону парушаных правоў сваіх калег і выказваецца публічна. Мы рашуча выступаем супраць падобнай практыкі і будзем прыцягваць увагу аўтарытэтных міжнародных праваабрончых механізмаў да гэтай праблемы.
spring96.org