Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 7 чалавек
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці прызналі палітвязнямі яшчэ 7 чалавек.
Гэта:
Ілля Смольскі — асуджаны прысудам суда Ленінскага р-на г. Брэста да аднаго года абмежавання волі па арт. 370 КК (знявага дзяржаўных сімвалаў). Накіраваны для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Уладзімір Шынкевіч — асуджаны ў закрытым судовым паседжанні суда Аршанскага р-на па ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) да аднаго года і трох месяцаў пазбаўлення волі.
Уладзімір Няпомняшчых — абвінавачаны і ўзяты пад варту па арт. 366 (пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы, у сувязі з выкананнем ёй службовых абавязкаў) і арт. 369 КК (абраза службовай асобы). Знаходзіцца ў СІЗА г. Гомеля.
Уладзімір Міхалка — абвінавачаны і змешчаны пад варту па ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Знаходзіцца ў СІЗА г. Гомеля.
Міхаіл Гладыш — асуджаны прысудам суда Першамайскага р-на г. Віцебска па арт. 369 КК (абраза службовай асобы) да дзвух гадоў абмежавання волі. Накіраваны для адбыцця пакарання у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Георгій Васіленка — асуджаны прысудам суда Цэнтральнага р-на г. Гомеля па ч.1 арт. 339 (хуліганства) за «звяржэнне» дзяржаўнага сцяга да двух гадоў абмежавання волі. Накіраваны для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Валадар Цурпанаў — асуджаны прысудам суда Магілеўскага р-на па арт. 391 КК (абразу суддзі ці народнага засядацеля) да трох гадоў абмежавання волі. Накіраваны для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Праваабаронцы лічаць пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі, паведамляе spring96.org
Колькасць палітзняволеных у нашай краіне складае 246 чалавек. Напярэдадні палітвязнямі прызналі 11 чалавек.