Мінская суддзя падчас суда размаўляла па тэлефоне, а потым пакарала мужчыну «суткамі» за БЧБ-налепку

У судзе Фрунзенскага раёна 9 верасня адбыўся суд над 30-гадовым Аляксандрам Сідарэнкам. Справу яго разглядзела суддзя Юлія Блізнюк, распавядае «Вясна».

naklejka_na_mashinu_s_pogonej_i_flagom_belarusi_3.jpg

Аляксандра затрымалі раніцай 9 верасня ў Сухарава пасля скаргі «неабыякавага грамадзяніна». Згодна з рапартам супрацоўніка Фрунзенскага РУУСа, ім патэлефанаваў невядомы і паскардзіўся на БЧБ-налепку на багажніку машыны Сідарэнкі. Міліцыянты хутка зрэагавалі на званок, і праз 20 хвілін мужчыну ўжо затрымалі. На яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне.

На судзе Аляксандр адмовіўся даваць паказанні і пагадзіўся з пратаколам. Ён толькі сказаў, што налепку размясціў яшчэ ў 2019 годзе. Тады суддзя абурылася:

— Калі пачалі па тэлевізары ўсюды казаць, што нельга, што гэта забаронена, Вы не валодалі такой інфармацыяй?

— Не глядзеў тэлевізар.

Падчас судовага пасяджэння суддзі Блізнюк пателефанавалі, і яна пачала размаўляць наўпрост падчас працэсу: «Доўга гаварыць не магу. У мяне скайп. У нас тут куча гэтых красаўцаў».

У выніку суддзя прызнала вінаватым Аляксандра і арыштавала яго на 15 сутак.