
Пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за стыкеры ў
інтэрнэце склаў участковы АУС Добрушскага раёна на падставе рапарта намесніка
начальніка АУС Мікалая Маставенкі, які падчас маніторынгу тэлеграм-чату
«Добруш для жыцця» знайшоў, на яго думку, незаконныя стыкеры.
«Ён мне ў міліцыі сказаў, што спалучэнне белага і чырвонага
колераў у нас у краіне забаронена, — узгадвае Вераніка Драбышэўская, — як і
выява герба "Пагоня". Я спытала ў яго, можа ў нас ужо ўсё забаронена, і думаць
таксама. Ён адказаў, што можна думаць як хочаш, але не трэба гэта выказваць.
Падчас размовы ён быў задаволены і шчаслівы. Відаць, раскрыў справу стагоддзя».
Падчас суду Вераніка Драбышэўская віны сваёй не прызнала і
звярнула ўвагу суддзі Лук’янавай, што ў 2007 годзе герб «Пагоня» прызнаны
ўрадам Беларусі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю і за яе
пашкоджанне прадугледжана нават крымінальная адказнасць. Але суддзя пагадзілася
з тэкстам пратакола, што дабрушанка, якая размясціла два стыкеры ў
тэлеграм-канале, такім чынам «выказвала свае грамадска-палітычныя інтарэсы і
выступала арганізатарам дадзенага пікету», і прысудзіла 100 базавых велічыняў
штрафу (2900 рублёў).
Вераніка Драбышэўская некалькі тыдняў таму звольнілася і цяпер у пошуках новай працы. У яе няма аніякай магчымасці аплаціць такі вялікі штраф.