Мінздароўя: У Мінску выяўлены «індыйскі» штам COVID-19
«Аналіз паслядоўнасцяў віруса SARS-CoV-2 (выдзеленых у чэрвені з проб пацыентаў з пацверджаным COVID-19) паказаў, што ў Мінску 10 даследаваных узораў мелі набор мутацый у шыпападобным бялку, характэрных для "індыйскага" варыянту (Дэльта, В. 1. 617. 2)», — паведамляе ведамства.
«Можна канстатаваць, што “індыйскі варыянт каронавіруса” выяўлены ў Беларусі», — цытуе міністэрства REFORM.by.
Цыркуляцыя гэтага варыянту каронавіруса ў іншых рэгіёнах краіны пакуль не ўстаноўлена. Як адзначаюцца ў Міністэрстве аховы здароўя, ёсць падставы меркаваць, што індыйскі штам можа больш эфектыўна распаўсюджвацца ў параўнанні з ужо вядомымі варыянтамі каронавіруса. Мутацыі ў шыпападобным бялку прыводзяць да таго, што вірус лепш прымацоўваецца да рэцэптараў клеткі і пранікае ў яе. У міністэрстве падкрэсліваюць, што «на дадзены момант няма даных, што гэты варыянт выклікае больш сур'ёзнае захворванне».
«Спецыялісты лічаць, што актыўная вакцынацыя дапаможа грамадзянам перанесці “індыйскі” варыянт COVID-19 больш спакойна», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле інфармацыі Мінздароўя, штам атрымаў шырокае распаўсюджванне ў многіх краінах, з ім звязаны ўздым захворванняў у Расіі ў чэрвені.
«Спецыялісты лічаць, што шырокае распаўсюджванне “індыйскага” штаму ў першую чаргу звязана з невыкананнем мер засцярогі, невялікай колькасцю вакцынаваных асоб, што не дазваляе дасягнуць неабходнага ўзроўню папуляцыйнага імунітэту», — робяць выснову ў міністэрстве.