У ПАСЕ на дэбатах па Беларусі гаварылі пра «канцлагер у цэнтры Еўропы»
У Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы 23 чэрвеня прайшлі дэбаты, прысвечаныя сітуацыі ў Беларусі. На пасяджэнні абмяркоўвалі апошнія рашэнні і дзеянні афіцыйнага Мінска.

Прагучала шмат крытыкі на адрас улад Беларусі. Між іншым, гаварылі, што наша краіна «ператварылася ў канцлагер у цэнтры Еўропы», што Лукашэнка насамрэч не выйграў прэзідэнцкія выбары, што апазіцыя мусіць быць у парламенце, а не ў турме. Было заяўлена, што нелегальныя мігранты на мяжы з Літвой — пагроза для ўсёй Шэнгенскай зоны, а пасадка самалёта «Ryanair» у Мінску — «дзяржаўнае пірацтва», перадае «Еўрарадыё».
У ПАСЕ прагучала патрабаванне вызваліць усіх палітвязняў.
Толькі адзін з больш за дзясятак спікераў на сённяшніх дэбатах вырашыў абараняць улады Беларусі і апраўдваць іх дзеянні. Гэта быў прадстаўнік Расіі Сяргей Кісляк. Ён заявіў, што «ўсе абвінавачанні пабудаваныя ці на скажэнні, ці на поўнай адсутнасці тлумачэнняў таго, што і як насамрэч адбываецца ў Беларусі». Кісляк крытычна ацаніў дзеянні беларускай апазіцыі, якая, на яго думку, «гастралюе па Еўропе, звонку разгойдвае палітычную сітуацыю ў краіне». Яго абурыла, што «сітуацыя з пасадкай самалёта "Ryanair" яшчэ не расследаваная, але санкцыі ўжо ўводзяцца».
Таксама стрыманую пазіцыю заняў спікер ад Азербайджана Самед Сеідаў. Ён заклікаў дэлегатаў ПАСЕ аднавіць дыялог з Беларуссю і ўвогуле паехаць у нашу краіну з афіцыйным візітам.