Праваабаронцы: арышты і катаванні іншадумцаў у Беларусі працягваюцца пастаянна

Усе дзеянні беларускіх улад з дня прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года былі накіраваныя «не толькі на жорсткае сілавое падаўленне мірных сходаў, пікетаў і маршаў, але, перш за ўсё, на ўсталяванне ў грамадстве атмасферы страху і раскручванне рэпрэсіўнай машыны».

eh_8einvgaa_kbv.jpg


Да такой высновы прыйшлі ў Міжнародным камітэце па расследаванні катаванняў у Беларусі. Чацвёртая прамежкавая справаздача ініцыятывы за перыяд са жніўня мінулага года да траўня гэтага года апублікаваная 22 чэрвеня, паведамляе АФН.

У дакуменце пералічаныя сведчанні прымянення катаванняў у дачыненні да затрыманых удзельнікаў пратэстаў у аддзяленнях міліцыі, ЦІП і СІЗА па ўсёй краіне. Адзначаецца, што катаванні мелі «маштабны, сістэмны і масавы характар з мэтай падаўлення і знішчэння пратэсных акцый і магчымых публічных праяў нязгоды».

«Дзеючы рэжым дамогся ўстанаўлення поўнага ігнаравання закону і тэрору на дзяржаўным узроўні ў дачыненні да іншадумцаў. Людзі баяцца ўдзельнічаць у якіх-небудзь мірных сходах, публічна выказваць сваё меркаванне з нагоды таго, што адбываецца ў краіне, баючыся за сваё жыццё і здароўе. Пацярпелыя не могуць абскардзіць катаванні і іншыя супрацьпраўныя дзеянні сілавікоў, бо ніякіх мер следчымі органамі не прымаецца, а арышты і катаванні іншадумцаў працягваюцца пастаянна» — адзначаюць праваабаронцы»

У Камітэце патрабуюць прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у катаваннях, жорсткім, бесчалавечным і прыніжаючым чалавечую годнасць абыходжанні ў дачыненні да людзей у Беларусі, і спыняць усе выпадкі псіхалагічнага, фізічнага і сэксуальнага гвалту над затрыманымі ў месцах несвабоды, на дзяржаўным узроўні асудзіць катаванні і папярэдзіць супрацоўнікаў сілавых структур аб крымінальнай адказнасці за ўсе іх віды, а таксама прывесці ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення ў адпаведнасць з мінімальным стандартамі, санітарнымі і эпідэміялагічнымі нормамі, забяспечыўшы затрыманым належнае медыцынскае абслугоўванне, доступ да гігіенічных прылад і сродкаў абароны ва ўмовах пандэміі каронавіруса.