Мужчыну, які пафарбаваў свой дом каля чыгункі ў БЧБ, пасля «сутак» звольнілі з працы

Цяпер міліцыя просіць яго перафарбаваць дом.

photo_2021_02_17_18_42_38.jpg

Нагадаем, жыхара вёскі Алешча Полацкага раёна Анатоля Каханчыка затрымалі ўвечары 9 лютага. На яго склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) — за тое, што частка яго дома пафарбаваная ў колеры нацыянальнага сцяга.
Мужчына знаходзіўся ў ІЧУ.
11 лютага суддзя суда Полацкага раёна і Полацка Уладзімір Бясецкі абвінаваціў Каханчыка ў незаконным пікетаванні і асудзіў на 7 сутак арышту.
— Учора, 16 лютага, выйшаў з ізалятара часовага ўтрымання — а сёння мяне звольнілі з працы. Забраў працоўную кніжку. Я адпрацаваў на чыгунцы 38 гадоў, быў брыгадзірам пуці. Звальненне аформілі «по соглашению сторон», — расказаў Каханчык.
Свой дом на вуліцы Чыгуначнай у вёсцы Алешча мужчына пафарбаваў у БЧБ яшчэ летась, пасля выбараў:
— Адразу, у жніўні, я павесіў на дом бел-чырвона-белы сцяг. А праз некаторы час вывесіў «Пагоню» і пафарбаваў хату. Нашы нацыянальныя герб і сцяг — для мяне святыя сімвалы. Зараз на іх пачаліся асаблівыя ганенні, таму я і вырашыў упрыгожыць гэтай сімволікай хату. Дом добра бачны з чыгункі — ад майго падворка да чыгуначных пуцей не больш чым 30−40 метраў. Ад нашай станцыі Алёшча да Полацка — 42 кіламетры.
Узімку ў Алёшчы нешматлюдна — тут пастаянна жывуць чалавек 20. Але ў цёплы час года сюды прыязджае шмат дачнікаў, а таксама грыбнікоў і ягаднікаў. БЧБ-дом, па словах Каханчыка, большасці падабаецца, але ёсць і нядобразычліўцы.
Анатоль кажа, што міліцыя прасіла яго зафарбаваць БЧБ-сцяг на доме:
— Я сказаў: «Не буду!» Супрацоўнікі адказалі: «Значыць, зноў за табой прыедзем і забяром у ізалятар».
Заўтра, 18 лютага, Анатолю споўніцца 62 гады. Мужчына кажа, што працы ў яго вёсцы няма, уладкавацца кудысьці будзе складана. Але не губляе аптымізму:
— Улетку грыбы-ягады пойдуць, не прападу.
nn.by