На «Беларуськаліі» заснавалі фонд дапамогі страйкоўцам
Фонд створаны для падтрымкі шахтароў, якія ўдзельнічаюць у нацыянальным страйку, і іх сем'яў, перадае «Радыё Свабода».
Пра гэта паведаміў страйкам «Беларуськалія».
Цяпер можна пералічыць грошы на «кашалёк» страйкаму ў Bitcoin і іншых крыптавалютах. У страйкаме абяцаюць, што пазней з'явяцца іншыя спосабы пераводу сродкаў.
На «Беларуськаліі» працягваюць страйк каля сотні рабочых. 19 студзеня калегія Вярхоўнага суда адхіліла апеляцыйную скаргу старшыні страйкама «Беларуськалія» Анатоля Бокуна на рашэнне Мінскага абласнога суда, які ў верасні прызнаў страйк на прадпрыемстве незаконным.
Удзельнік шахтарскага страйку на «Беларуськаліі» Дзмітрый Кудзялевіч раней заявіў, што з верасня і па снежань 78 страйкоўцаў у суме правялі пад арыштам 665 дзён, а сумарна штрафы былі тоесныя амаль 12 тысячам долараў.
У студзені кіраўніцтва прадпрыемства заявіла ў звароце да нарвежскай кампаніі Yara пра зняцце дысцыплінарных спагнанняў з работнікаў прадпрыемства, а звольненыя раней супрацоўнікі могуць быць прыняты назад на працу «ў выпадку падачы імі адпаведных заяваў».