Актывістам забастоўкі на БМЗ прысудзілі тэрміны (дапоўнена)

У Жлобіне 1 лютага працягваецца крымінальны працэс над актывістамі забастоўкі на БМЗ Ігарам Поваравым, Аляксандрам Бабровым і Яўгенам Говарам.

Ігар Повараў у судзе

Ігар Повараў у судзе

17 жніўня на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў яны разам з іншымі працаўнікамі перакрылі дарогу для тэхналагічнага транспарту на заводзе. Была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Справу разглядае суддзя Ерафееў Я.М., пракурор — Аношка.
На папярэдніх судовых пасяджэннях апытваліся сведкі, вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы.
Таксама прадстаўніца грамадскага істца ад БМЗ юрыстконсульт Жунко хадайнічала аб далучэнні да матэрыялаў справы заявы аб адмове ўзбуджэння грамадзянскага зыску супраць абвінавачаных. У БМЗ супраць фігурантаў матэрыяльных прэтэнзіяў няма. Яны кампенсавалі страты прадпрыемства ў памеры 1 тыс 88 руб 50 капеек. Даведкі аб кампенсацыі ўрону абвінавачаныя прадаставілі суду.
Сёння, 1 лютага, прадстаўніца грамадзянскага істца – БМЗ – пацвердзіла адмову ад грамадзянскага зыску. Былі аформленыя адпаведныя паперы.
Суддзя Ерафееў зрабіў перапынак і сыйшоў у дарадчы пакой. Прынятае рашэнне адмовіць у зыску БМЗ.
Далей суд разгледзеў хадайніцтва дзяржаўных СМІ аб вядзенні відэаздымкі ў судзе. Усе адвакаты і Повараў гэтае хадайніцтва не падтрымалі. Говар, Баброў і прадстаўніца БМЗ пакінулі рашэнне на меркаванне суда.
Рашэнне – адмовіць у задавальненні хадайніцтва.
Прамаўляе абвінаваўца Аношка. Кажа, што Говар і Баброў віну прызналі цалкам, а Ігар Повараў віну не прызнае.
Пракурор выступае далей: здзейснілі арганізаваныя групавыя дзеянні, пры адсутнасці больш цяжкіх злачынстваў.
Просіць прызначыць пакаранне:
Ігару Повараву – пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму;
Аляксандру Баброву – пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму;
Яўгену Говару – пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Баброва і Говара заключыць пад варту ў зале суда.
Адвакат Поварава звяртае ўвагу суда на той факт, што паміж сабой некаторыя абвінавачаныя не былі знаёмая ўвогуле. Так, Повараў быў на заводзе, але ён не арганізатар забастоўкі, у першых шэрагах ён не ішоў, лозунгаў не выкрыкваў. На відэа бачна, што Повараў падыйшоў да скрэпавоза пасля таго, як той прыпыніўся. І гэта не абвяргаецца відэазапісамі. Не было паміж абвінавачваемымі ніякай змовы і арганізаваных групавых дзеянняў. Адвакатка Поварава добра прааналізавала матэрыялы справы, даводзіць у судзе што Повараў не з’яўляўся арганізатарам і актыўным удзельнікам.
Адвакат Говара звяртае ўвагу на хібы ў абвінавачванні. Ен лічыць, што абцяжарваючых дзеянняў у Говара не было. Пакаранне, якое прапанаваў пракурор, несувымернае. Просіць перакваліфакаваць на актыўны ўдзел і прызначыць мінімальнае пакаранне.
Падобнага меркавання прытрымліваецца і адвакат Говара.
Дапоўнена: Ігара Поварава асудзілі на тры гады калоніі, Аляксандра Баброва і Яўгена Говара — на два з паловай гады калоніі.
spring96.org