На брэсцкага краязнаўцу склалі 12 пратаколаў за рэпосты

На брэсцкага краязнаўцу і выпускаючага рэдактара газеты "Царква" Ігара Бараноўскага склалі 12 адміністрацыйных пратаколаў за рэпосты матэрыялаў "Б**сата" ў ліпені. Пра гэта са спасылкай на праваабаронцаў паведамляе "Брэсцкая газета".

ihar_baranouski.jpg

Паведамляецца, што 27 ліпеня (у гэты дзень сайт і сацсеткі "Б**сата" былі прызнаныя экстрэмісцкімі) Бараноўскі размясціў у сваіх сацсетках дзве спасылкі на сайт "Б**сата": відэаінтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай і банэр з інфармацыяй аб колькасці палітвязняў у Беларусі.
За гэта на яго склалі два пратаколы па ч.2 арт.19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі). 28 кастрычніка суд адправіў гэтыя пратаколы на дапрацоўку. Пасля гэтага колькасць пратаколаў павялічылася да 12. Яшчэ 10 пратаколаў склалі за кожны рэпост матэрыялаў "Б**сата" ў ліпені, яшчэ да таго, калі сайт і сацсеткі гэтага СМІ былі прызнаныя экстрэмісцкімі.
Ігар Бараноўскі растлумачыў, што не ведаў пра неабходнасць выдалення рэпостаў, размешчаных да 27 ліпеня. Суд над краязнаўцам адбудзецца ў панядзелак 22 лістапада.