Праваабаронцу хочуць пакараць за пост у Facebook, а ён патрабуе ўзбудзіць справу па адхіленні Лукашэнкі ад улады
Каардынатара грамадзянскай ініцыятывы «Еўропа без дыктатур», намесніка дырэктара Інстытута даследавання расійскай агрэсіі Ігара Ледніка хочуць прыцягнуць да адказнасці за размяшчэнне ў Facebook выявы перакрэсленага герба Трэцяга рэйха (арол са свастыкай) і сярпа з молатам.
«13 лістапада 2021 года мне патэлефанаваў супрацоўнік Барысаўскага РАУС з мэтай высвятлення майго фактычнага месцазнаходжання для выкліку мяне на допыт. Па яго словах, маецца пратакол яго саслужбоўцы наконт размяшчэння мною ў сацсетцы Facebook паста з нацыстскай сімволікай», — пішаІгар Леднік.
Ён тлумачыць, што, сапраўды, 12 лістапада размясціў пост з артыкулам Радыё Свабода і з фотаздымкам плакату з асуджэннем нацызму і камунізму на акцыі ў Рызе ў 2013 годзе. Ігар Леднік падкрэслівае: на плакаце перакрэсленыя таталітарныя сімвалы, а ў артыкуле гаворка ідзе аб прыняцці Сеймам Латвіі 11 лістапада, у Дзень Лачплесіса — дзень памяці герояў, якія загінулі за вызваленне Латвіі, закону аб забароне выкарыстання георгіеўскіх стужак падчас публічных мерапрыемстваў.
«Мой пераслед за перакрэсленыя таталітарныя сімвалы, улічваючы той піетэт, з якім Аляксандр Лукашэнка ўсхваляў "дасягненні" Адольфа Гітлера, што задукаментавана ў кінастужцы рэжысёра Юрыя Хвашчавацкага "Звычайны прэзідэнт", я разглядаю палітычна матываваным за маю дзейнасць у інтарэсах дзяржавы, — заяўляе Ігар Леднік.
Ён зазначае, што праваахоўнікі, якія ініцыявалі прыцягненне яго да адказнасці за пост у Facebook, дакладна бачылі фота, якое змешчана на вокладцы яго стужкі — праект Пастановы Вярхоўнага Савета 13 склікання «Аб мерах па рэалізацыі заключэння Спецыяльнай камісіі па прававой ацэнцы парушэнняў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкам Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь» («Заключэнне Ганчара»).
У сваю чаргу праваабаронца накіраваў некалькі заяваў у Генпракуратуру, Барысаўскі РАУС, а таксама ў амбасады ЗША і Велікабрытаніі і Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. Ён просіць узбудзіць крымінальную справу па адхіленні Лукашэнкі з пасады прэзідэнта за здзяйсненне ім цяжкіх крымінальных злачынстваў, прадугледжаных арт. 356 КК Рэспублікі Беларусь (дзяржаўная здрада), ч. 3 арт. 357 КК Рэспублікі Беларусь (захоп і ўтрыманне ўлады неканстытуцыйным шляхам, спалучаным з забойствам людзей) і арт. 128 КК Рэспублікі Беларусь (злачынствы супраць бяспекі чалавецтва); узбудзіць крымінальную справу па факце саўдзелу ва ўтрыманні дзяржаўнай улады, захопленай у лістападзе 1996 года неканстытуцыйным шляхам (арт. 16 КК Рэспублікі Беларусь). Апроч таго, Ігар Леднік патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу па факце прыцягнення яго, заведама невінаватую асобу, да адказнасці ў якасці абвінавачанага (арт. 392 КК Рэспублікі Беларусь).