Жыхара Слуцка затрымалі, бо «нешта недазволенае глядзеў у інтэрнэце»
Два дні таму назад, 16 лістапада, у Слуцку затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання жыхар Слуцка Драбеня Сяргей Міхайлавіч. Па словах маці, 16 лістапада Сяргею патэлефанавалі з Слуцкага РАУС і папрасілі прыйсці ў міліцыю для высвятлення нейкіх абставін. Ён пайшоў і не вярнуўся.
— Калі сын збіраўся ісці ў міліцыю, дык зусім не разумеў, па якой справе яго выклікаюць, — распавяла маці Сяргея, Зоя Ігнацьеўна. — Пасля пазваніў яшчэ з міліцыі і сказаў, што яго затрымліваюць. Нібыта за тое, што ноччу ён нешта недазволенае глядзеў у інтэрнэце. І што будзе назаўтра суд. Больш нічога пра яго лёс не ведаю.
Маці неаднаразова тэлефанавала ў міліцыю, аднак болей інфармацыі не атрымала. У судзе паведамілі, што ніякіх папер па справе Драбені Сяргея да іх не паступала. Маці Сяргея ўжо 79 гадоў, яна інвалід 2-й групы па анкалагічнаму захворванню. Затрыманне сына і адсутнасць інфармацыі аб ім узрушыла хворую жанчыну і пазбавіла сну. Дарэчы, яе сын Сяргей не быў заўважаны ў так званых "масавых беспарадках". Падобна, што прынятыя законы аб "экстрэмісцкай інфармацыі" могуць закрануць сотні тысяч беларусаў, якія нават не вельмі цікавяцца палітыкай і могуць нават не ведаць аб сваім "экстрэмізме".