На Паліну Шарэнда-Панасюк завялі чарговую крымінальную справу

Цяпер брэсцкую актывістку Паліну Шарэнда-Панасюк, асуджаную летась на 2 гады калоніі, вінавацяць у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 КК РБ).

Паліна Шарэнда-Панасюк з сынам. Фота: facebook.com

Паліна Шарэнда-Панасюк з сынам. Фота: facebook.com


«Гэта той самы артыкул, па якім вязня за кратамі можна трымаць бясконца доўга. І трымаць пры гэтым будуць ва ўмовах канцлагера. Жаночая калонія №4 якраз ператварылася ў канцлагер для жанчын у самым цэнтры Еўропы. І адказнасць за гэта нясуць як звар’яцелы дыктатар Лукашэнка, так і яго прыслужнікі на месцах»,напісаў у Фэйсбуку муж Паліны Андрэй Шарэнда.
У няспынным ціску на жонку ён абвінаваціў таксама начальніка гомельскай калоніі падпалкоўніка Дзяніса Таўсцянкова.
«Сябры, свабода Беларусі і наша свабода толькі ў нашых руках. Мы бачым, як мужныя ўкраінцы супраціўляюцца агрэсіі. Мы не павінны чакаць, калі зварʼяцелы дыктатар Лукашэнка сыдзе сам, а нашых родных увесь гэты час будуць катаваць у турмах. Мы павінны змагацца! Змагацца на вуліцах нашых гарадоў! Іначай мы страцім Беларусь, страцім сваіх родных, страцім сябе!» — заклікаў суайчыннікаў Андрэй Шарэнда.
Паліну Шарэнда-Панасюк затрымалі 3 студзеня ў яе ўласным доме, куды ўламіліся сілавікі. Суд Маскоўскага раёна Брэста 9 чэрвеня прызначыў ёй 2 гады калоніі. Яе прызналі вінаватай адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «Абраза прэзідэнта» (арт. 368), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364).
Ні па адным артыкуле яна сваёй віны не прызнала, настойваючы на тым, што яе ўтрыманне ў турме незаконнае.
Нядаўна з'явілася інфармацыя, што ў хуткім часе Паліну Шарэнда-Панасюк перавядуць з гомельскай жаночай калоніі ў магілёўскую закрытую турму.
На свабоду Паліну павінна была выйсці ў верасні гэтага года.