Генпракуратура завяла крымінальную справу за спалены дзяржаўны сцяг з амбасады Беларусі ў Вільні
Крымінальную справу распачалі па артыкуле за распальванне нацыянальнай варожасці.
![photo_2022_02_27_17_37_44_1.jpg photo_2022_02_27_17_37_44_1.jpg](/img/v1/images/photo_2022_02_27_17_37_44_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Устаноўлена, што 27 лютага 2022 года ў дзённы час на тэрыторыі Пасольства Рэспублікі Беларусь у г. Вільнюсе група грамадзян публічна зняла Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь і знішчыла яго шляхам спалення. Пры гэтым замест яго змясціла палатно бел-чырвона-белага колеру.
Здзекуючыся з нашай гістарычнай і культурнай рэліквіі, гэтыя асобы прынізілі нацыянальны гонар і годнасць беларусаў.
Супрацьпраўныя дзеянні кваліфікаваны па ч.3 арт.130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальная справа накіравана ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь», — паведамляе Генпракуратура.
Нагадаем, учора на амбасадзе Беларусі ў Вільні замест чырвона-зялёнага павесілі бел-чырвона-белы сцяг. Таксама размясцілі побач і сцяг Украіны.