На палітвязня Максіма Ялканава заведзеная яшчэ адна крымінальная справа

Першы раз Максім Ялканаў быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Гомеля 18 чэрвеня за арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады (арт. 342 КК РБ), паведамляе «Вясна».

jalkanau_m.jpg

Суд прызначыў Ялканаву пакаранне ў выглядзе аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Праваабарончай супольнасцю Беларусі быў прызнаны палітычным зняволеным 29 сакавіка.

Як паведаміла маці Максіма, на яго завялі яшчэ адну крымінальную справу па тым жа самым  артыкуле 342, толькі ўжо за іншы эпізод — нібыта ён актыўна ўдзельнічаў у беспарадках у Рэчыцы 9 жніўня 2020 года.

Быццам бы да следчых патрапіла нейкае відэа, якое даказвае яго віну. У нядзелю, 26 верасня, ён тэлефанаваў маці са Шклова, дзе адбывае пакаранне, а ўжо на наступны дзень яго даставілі ў СІЗА № 3 Гомеля.

Маці даведалася пра справу са слоў следчага, які ёй патэлефанаваў пару дзён таму.