Выйшла на волю палітзняволеная Ларыса Танкашкур. Гэта паштарка, якая распаўсюдзіла звесткі аб сілавіках
Жанчыне прысудзілі тры месяцы арышту.
Сёння выйшла на волю палітзняволеная Ларыса Танкашкур — паштарка якую судзілі за распаўсюд асабістых дадзеных сілавікоў. Тэрмін яе прысуду скончыўся.
Ларыса Танкашкур — паштарка з Мінска, якая перадала адміністратару аднаго з тэлеграм-каналаў асабістыя звесткі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія яна ўзяла з картатэкі падпісчыкаў выдання МУС «На страже».
Дзеянні жанчыны былі кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 179
Крымінальнага кодэкса («Незаконны збор і распаўсюджванне звестак аб прыватным
жыцці, якія складаюць асабістую ці сямейную тайну іншай асобы, без яго згоды,
якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам
пацярпелых»).
На судзе Ларыса Танкашкур прызнала віну часткова: яна
прызнала, што распаўсюджвала дадзеныя, але не прызнае, што рабіла гэта па
ідэалагічнай і палітычнай непрыязнасці або з помсты.
22 студзеня ёй прысудзілі тры месяцы арышту. 30 чэрвеня яна пачала адбываць тэрмін.