На волю выйшаў журналіст Генадзь Мажэйка
Паводле інфармацыі, апублікаванай на сайце «Вясны», журналіст «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзь Мажэйка быў вызвалены яшчэ 23 лістапада.
Генадзя Мажэйку затрымалі ў Маскве 1 кастрычніка 2021 года. Згодна з папярэднімі звесткамі, затрыманне было звязана з артыкулам «Камсамольскай праўды», дзе ён пісаў пра Андрэя Зельцэра, які загінуў падчас перастрэлкі з супрацоўнікамі КДБ на вуліцы Якубоўскага ў Мінску. Журналіст пагутарыў з аднакласніцай айцішніка, якая распавяла пра яго школьныя гады і станоўча пра яго адгукалася.
Але судзілі Мажэйку за абразу Лукашэнкі. Судзіць былога карэспандэнта «КП у Беларусі» пачалі 1 снежня 2022 года, але ў працэсе былі даволі працяглыя перапынкі для дадатковых экспертыз.
Згодна з тэкстам абвінавачання, «Генадзь Мажэйка, праяўляючы амаральны інтарэс да экстрэмісцкай дзейнасці, з’яўляючыся яе прыхільнікам, дзейнічаючы паводле матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года па кастрычнік 2021-га здзейсніў шэраг злачынстваў».
Выказванні журналіста ў інтэрнэце ў бок Лукашэнкі суд расцаніў як «негатыўныя, непрыстойныя, недапушчальныя».
Таксама Генадзю паставілі ў віну, што ён, знаходзячыся на сустрэчы з выбаршчыкамі, якую ладзіў дэпутат Валер Варанецкі, «падтрымліваючы апазіцыйна настроеных удзельнікаў сустрэчы, праводзіў агітацыю супраць дзеючай улады, парушаючы агульначалавечую мараль».
23 сакавіка 2023 года ў Гарадскім судзе Мінска Генадзя Мажэйку асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму (ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Фалькоўская).
29 чэрвеня 2023 года КДБ дадаў палітвязня ў «тэрарыстычны спіс».
30 чэрвеня 2023 года МУС унесла палітвязня ў «спіс экстрэмістаў».
Паводле даных праваабаронцаў, Генадзь Мажэйка быў вызвалены 23 лістапада 2023 года.
Цяпер за кратамі няволі ў Беларусі застаюцца 32 супрацоўнікі СМІ.