На жанчын склалі пратакол за тое, што яны адмывалі фарбу са сцяны

Жанчын адпусцілі да суда, але да іх прымяняўся фізічны гвалт.

photo_2021_01_28_20_36_11.jpg

Чысціня — гэта грубае парушэнне грамадскага парадку і непавага да грамадства.
Прынамсі, такое меркаванне ў тых, хто затрымаў ў Ждановічах дзвюх жанчын, якія адмывалі ад чорнай фарбы партрэт Паўла Латушкі, нанесены на трансфарматарную будку. Выява пратрымалася ў Ждановічах каля пяці месяцаў, пасля чаго «невядомыя» яе сказілі. Але жыхары Ждановіч загадзя пакрылі яе сіліконам, таму людзі лёгка змывалі наслаенні фарбы. Адна з жанчын — шматдзетная маці.
Як паведамляецца ў тэлеграм-чаце Ждановічаў, жанчын адпусцілі да суда, але да іх прымяняўся фізічны гвалт.
Судзіць жа жанчын будуць за... спробу навядзення чысціні на сцяне. Яны не першы раз адмывалі замаляваны партрэт Латушкі — здавалася б, што тут злачыннага? Але супрацоўнікі міліцыі палічылі, што такія дзеянні сведчаць аб непавазе да грамадства.
«Знаходзячыся на вуліцы, у грамадскім месцы, са сцяны трансфарматарнай будкі, размешчанай ... у а.г. Ждановічы, дзе раней фарбай чорнага колеру зафарбавалі намаляваны фарбай партрэт Латушкі П.П., ажыццяўляла верхні змыў фарбы ў месцы зафарбоўвання партрэта, чым груба парушыла грамадскі парадак, выказваючы відавочную непавагу да грамадства» — сказана ў пратаколе.