Настаўніца з Гомеля атрымала «суткі» за карагод у лесе

11 студзеня суд Цэнтральнага раёну пакараў арыштам на трое сутак 57-гадовую настаўніцу. Міліцыя абвінаваціла яе ў «несанкцыянаваным мітынгу» — так праваахоўныя органы расцанілі карагод у лесе вакол ялінкі.

2239b205_acdc_4a7c_a4e1_38fd8c3700a0_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s.webp

Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Кармановіч, распавядае «Свабода».

Алена Літвінава пяць сутак да суду — з 6 студзеня — была ў ізалятары часовага ўтрыманьня, хоць заканадаўства дазваляе трымаць чалавека па адміністрацыйнай справе да суду толькі 72 гадзіны.

«Тры разы ў ізалятары я прасіла выклікаць мне лекара, бо было блага з сэрцам, але на мае скаргі ніхто не рэагаваў», — адзначыла перад судом жыхарка Гомеля.

Адвакатка далучыла да справы медыцынскія дакументы, якія сведчаць пра захворванні, і бальнічны ліст. На момант затрымання, 6 студзеня, настаўніца хварэла і лячылася амбулаторна. Вечарам 6 студзеня яна збіралася ў царкву на службу з нагоды Раства, а апынулася ў ІЧУ. У яе дома прайшоў вобшук. «Мне нічога не тлумачылі — што шукаюць, з якой нагоды праходзіць вобшук», — казала на судзе Алена.

Адвакатка звярнула ўвагу, што Алене не перадалі лекі, не аказвалі медыцынскую дапамогу, трымалі больш за 72 гадзіны.

«Правапарушэнне не даказанае. Маёй падабароннай не тлумачылі правы і абавязкі. Доказы ў справе — скрыншоты і здымкі, мая падабаронная не пацвердзіла, яна на іх ці не. Лічу, што гэтыя доказы недапушчальныя, справу трэба спыніць», — казала адвакатка.

Паводле міліцэйскага пратаколу, 25 снежня Алена «без дазволу выканкаму прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў лясным масіве каля вёскі Новая Бухалаўка». Тады група жыхароў Гомеля зладзіла навагодні пікнік — вадзілі ў лесе карагод вакол ялінкі, смажылі сала. Усе былі ў масках. Некаторыя мелі бел-чырвона-белыя сцягі. За гэты пікнік 59-гадовая жыхарка Гомеля цяпер адбывае 7-дзённы арышт.

Суддзя патлумачыў, што па міліцэйскіх дакументах настаўніца была затрыманая 9 студзеня. Што яна рабіла з 6 студзеня па 9 студзеня ў ІЧУ — не далі адказ ні міліцыянеры, ні суд. Участковы Арцём Жаўняк патлумачыў пасля суду, што «6 студзеня яна была затрымана па адным эпізодзе, 9 студзеня — па іншым».

Суддзя параіў скардзіцца, калі нешта не зразумела. Суд сказаў лічыць пакаранне з 9 студзеня, участковы — з 6 студзеня.