Нашыўкі з расійскім сцягам у слуцкай міліцыі?

Сябра Рады Руху «За Свабоду» Віталь Амяльковіч просіць міліцыю праверыць інфармацыю пра з’яўленне супрацоўнікаў праваахоўных органаў з расійскімі нашыўкамі на форме.

Фота прыведзенае ў якасці ілюстраціі

Фота прыведзенае ў якасці ілюстраціі


«16 верасня 2016 г. на гарадскім стадыёне г.Слуцка адбываўся матч вышэйшай лігі па футболе паміж СФК «Слуцк» і «Нафтан» (Наваполацк). Перад пачаткам і падчас матча, як сцвярджаюць некаторыя відавочцы, на стадыёне пры нясенні службы па забеспячэнні грамадскага парадку працавалі супрацоўнікі міліцыі, на службовай форме якіх меліся нейкія, падобна на тое, самаробныя нашыўкі з сімволікай замежнай дзяржавы», — сказана ў заяве Амяльковіча.
Па ягоных словах, гэтая інфармацыя пацвярджаецца паведамленнямі ў сацыяльных сетках, з іх вынікае, што гэтыя верагодныя факты былі заўважаныя «перад уваходам на гарадскі стадыён, дзе і выконвалі свае службовыя абавязкі супрацоўнікі міліцыі».
«Асабліва абуральным выглядае тое, што як мінімум адзін супрацоўнік міліцыі, як гэта выглядае са слоў відавочцаў, дазволіў сабе дадзены непрыстойны ўчынак, выконваючы свой службовы абавязак у форме дзеючага супрацоўніка Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у працоўны час і пры наяўнасці шматлікіх сведкаў», — патлумачыў сябра Рады Руху.

_14423955_1220242064694917_994896799_o.jpg

_14393883_1220242084694915_1005093447_o.jpg


Ён просіць праверыць выкладзеныя факты і правесці праверку, «прыняць меры па недапушчэнні ў будучым магчымых падобных праяў непрыстойных учынкаў падчас выканання сваіх службовых абавязкаў у форме дзеючага супрацоўніка МУС Рэспублікі Беларусь».
Сведкі з’яўлення нашыўкі распавялі ў анлайн-дыскусіі, што бачылі нашыўку як мінімум у аднаго супрацоўніка мясцовай міліцыі. Па іх словах, ён стаяў ля ўваходу ў стадыён і даглядаў людзей.
«Я мала сумняваюся, што адразу некалькі сведкаў, не згаворваючыся маглі памыліцца ў тым, што яны бачылі. Факт выглядае вельмі абуральна», — пракаментаваў падзеі Амяльковіч.
Па ягоных словах, яго «не вельмі здзіўляе ці здзівіць (калі той выпадак будзе пацверджаны пасля адпаведнай праверкі, хаця надзеі на такую кампетэнтную адпаведную праверку мала), што сярод супрацоўнікаў міліцыі будзе і нямала прыхільнікаў іншых замежных дзяржаваў і так званага «русского міра».
«Але вельмі абурае, што яны зусім згубілі сорам і павагу і цяпер ужо, не хаваючыся, выкарыстоўваць тую сімволіку падчас выканання сваіх службовых абавязкаў у форме і пры наяўнасці шматлікіх сведкаў. Ці ў той яны тады дзяржаве выконваюць службу па забеспячэнні грамадскага парадку? Чаго чакаць ад такіх супрацоўнікаў са зброяй на поясе пры пэўных сітуацыях (калі разглядаць, як на ўсходзе Украіны сепаратысты дарваліся да ўлады пры маўклівай, а дэманстратыўнай згодзе мясцовай міліцыі)? І ці павялічвае такія дэманстратыўныя непрыстойныя учынкі давер і павагу да супрацоўнікаў МУС?» — запытаўся сябра Рады Руху.
Паводле pyx.by