Лукашэнка пра адносіны з Расіяй: «Ідзе непрыхаваны націск»
Аляксандр Лукашэнка назваў націскам з боку Расіі зніжэнне паставак нафты ў Беларусь з-за спрэчак па цане на газ, а таксама даручыў ураду аптымізаваць удзел Беларусі ў інтэграцыйных праектах. Пра гэта ён паведаміў 20 верасня ў Мінску на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгорам Рапотам.
"Мы целяпаемся (інакш не скажаш) і ўжо некалькі месяцаў не можам дамовіцца па цане на газ. У сувязі з гэтым Расія знізіла пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы гэта ўспрымаем як націск на Беларусь, але націску я не пацярплю, і беларусы таксама", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.
Нагадаем, газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расіяй доўжыцца з пачатку 2016 года. Мінск настойвае на зніжэнні кошту расійскага газу, Расія з гэтым не згодная і абвінавачвае беларускі бок у парушэнні кантракта. Для стымулявання пагашэння доўгу Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У чэрвені віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч заявіў, што да скарачэння паставак прывяла недаплата беларускага боку за пастаўлены прыродны газ. Ён таксама падкрэсліў, што Расія не павялічыць пастаўкі нафты ў Беларусь, пакуль не будзе пагашаны доўг за газ.
12 верасня Лукашэнка даручыў ураду на працягу двух дзён дасягнуць канчатковай дамоўленасці з расійскім бокам аб пастаўках энерганосьбітаў. Аднак пасля перамоў на ўзроўні віцэ-прэм'ераў пасольства Беларусі ў Расіі паведаміла, што дасягнуць кампрамісу па газавым пытанні ўрадам дзвюх краін не ўдалося.
Сёння на сустрэчы з Рапотам беларускі кіраўнік таксама заклікаў Расію вызначыцца з будучыняй сумесных інтэграцыйных праектаў. "Не хаваў і не буду ў гэтай гутарцы хаваць: занадта шмат праблем намецілася ў нас у краіне, занадта шмат крытыкі ў адрас не толькі інтэграцыі на ўзроўні дзвюх дзяржаў, але і на ўзроўні Еўразійскага эканамічнага саюза, СНД. Хоць СНД тую функцыю, якую можа выконваць, выконвае і рухаецца тымі тэмпамі, якія мы задаем. Галоўнае — гэта, вядома ж, Еўразійскі эканамічны саюз і саюз Беларусі і Расіі", — падкрэсліў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі і Расіі ў мінулым годзе былі не на лепшым узроўні. Не атрымалася пакуль нагнаць упушчанае і сёлета. "Гэта нікуды не варта. Мы заўсёды ганарымся тым, што вось тавараабарот знізіўся, але ў натуральным выражэнні мы дабавілі. Гэта сведчыць аб тым, што мы пачалі пастаўляць у Расію вялікія аб'ёмы, але па цэнах напалову ніжэйшых. Якая даходнасць Беларусі ад гэтага? Практычна ніякай", — заявіў Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што пры пастаўках у Расію блакуюцца некаторыя беларускія тавары, асабліва прадукты харчавання, якія закупляе Еўрасаюз. "У Расіі яны чамусьці "няякасныя". Але зразумела: калі мы пастаўляем якасны тавар і па прымальных цэнах у Расію, мы б'ем па кішэнях алігархаў ад сельскай гаспадаркі ў Расіі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Яны націскаюць на ўрад (там сувязі, вы ведаеце не горш за мяне, якія), а ўрад дае каманду "фас" рознага роду чыноўнікам, ад Рассельгаснагляда і гэтак далей. Яны ў нас тры прадпрыемствы адкрываюць для паставак, пяць закрываюць, пяць адкрываюць, шэсць потым закрываюць. Ідзе непрыхаваны націск".
"Я чаму адкрыта пра гэта кажу? Таму што ўжо надакучыла, гэта ўжо праз край, далей так працягвацца не можа, — дадаў Лукашэнка. — Яшчэ кажу гэта таму, каб вы разумелі, на якім фоне мы сёння гаворым пра далейшае развіццё нашага саюзнага праекта. Тое, што я сказаў, ні ў якім разе не азначае, што мы будзем у нейкім плане згортваць інтэграцыйныя праекты, але свой удзел у гэтых праектах мы будзем аптымізаваць. Я даў такое распараджэнне ўраду і Адміністрацыі прэзідэнта".
"Мы зараз вельмі ўважліва аналізуем наш удзел, перш за ўсё, у Еўразійскім эканамічным саюзе. Калі так будзе працягвацца — навошта нам там трымаць кучу чыноўнікаў? Там, па-мойму, ужо каля тысячы ў так званым ўрадзе ў ЕАЭС. І які вынік? Навошта плаціць грошы на ўтрыманне ў Маскве высакакласных спецыялістаў? Мы лепшых туды аддалі. Мы ім знойдзем працу тут, а тое, што там будуць прымацца рашэнні, мы з імі пагодзімся, таму што іх практычна няма. Мы парушаем усё, пра што дамовіліся", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што "ставіць праблемныя пытанні не для таго, каб канчаткова падняць буру абурэнняў". "Не, ні ў якім разе. Але я яшчэ раз кажу: утойваць гэта нельга. Мы павінны дакладна вызначыцца: ці мы ідзем на паглыбленую інтэграцыю дзяржаў, ці не. І самае галоўнае: мы будзем выконваць заключаныя дагаворы і абавязацельствы або не будзем? Вось гэта галоўнае пытанне для нас", — сказаў Лукашэнка.
"Вы добра ведаеце Беларусь, нашу сітуацыю і становішча. Вы выдатна разумееце, што мы не збіраемся бегчы наперадзе паравоза і некага залішне тузаць, нам гэта не трэба. Мы заўсёды імкнуліся прыстасавацца да сваіх суседзяў, каб ім не перашкаджаць, але ў нас жа ёсць уласны інтарэс. Таму хацелася б пачуць ваш пункт гледжання, як вы ў Пастаянным камітэце гэта ацэньваеце і як будзем дзейнічаць далей. І проста вас папрасіць як чалавека, адданага нашаму адзінству, больш актыўна падключыцца на ўзроўні ўрада і прэзідэнта Расіі да адстойвання агульных інтарэсаў, каб мы хоць неяк рухаліся наперад", — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да Рапоты.
Марына Носава, БелаПАН