Новыя рэпрэсіі, і новая салідарнасць. Найважнейшае за 11 верасня
Улада відавочна спрабуе запалохаць насельніцтва. Яна адкрывае новыя крымінальныя справы, затрымлівае актывістаў па старых, ломіцца ў рэдакцыі незалежных выбанняў. У грамадства няма ніякай іншай стратэгіі, акрамя салідарнасці.

Пятніца пачалася з затрыманняў. Раніцай 11 верасня ў Беларусі затрымлівалі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», жанчын, якія прыйшлі падтрымаць актывістаў страйкама «Беларуськалія» да Мінскага абласнога суда.
Раніцай 11 верасня людзі ў масках наведаліся ў рэдакцыю праекта «Імёны», вядомага сваімі дабрачыннымі акцыямі, але нікога там не заспелі. Яны пакінулі ліст з аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, у якім АБЭЗ просіць патлумачыць пэўныя моманты з дзейнасці рэдакцыі.
Цікава, у нас цяпер і паштальёны ходзяць у балаклавах?.

У дзень візіту прадстаўніка Ватыкана ў Беларусь каля Чырвонага касцёла ў Мінску затрымлівалі людзей. Сілавікі ў масках не дазволілі жанчынам зайсці ў храм, некаторых з іх затрымалі. Яны нават зайшлі ў касцёл і выцягвалі людзей адтуль.
А чатыром арыштаваным супрацоўнікам PandaDoc было выстаўленае абвінавачванне — паводле часткі 4 артыкула 209. Гэта ўжо не крадзеж з бюджэту, а махлярства.
Але справа ў тым, што, чым больш палохаць людзей, тым менш яны баяцца. Памятаеце, яшчэ на мітынгах 1997-1998 года, калі затрыманым давалі трое сутак адміністрацыйнага арышту, гэта было пакаранне О-ГО-ГО! А цяпер, нібыта, не адбыў «пятнашку» — ужо і не «змагар».
Тое самае адбываецца цяпер з «крыміналкай». Узбуджаючы яе з нагоды і без яе, следчыя проста нівелююць яе «вызхаваўча-застрашвальнае ўздзеянне». Цяпер і крымінальны пераслед не застрашвае. Людзі проста становяцца героямі і палітвязнямі.

У той жа час Вышаградская група на саміце Еўрасаюза прапануе ўвесці бязвізавы рэжым для грамадзян Беларусі.
Дзярждэп ЗША заявіў, што ў Лукашэнкі больш няма легітымнасці, а рэжым «выкарыстоўвае гвалт для падтрымкі сваёй улады». Што гэта азначае з вуснаў дыпламатаў? Вельмі кепскі для Лукашжнкі сігнал.
Tribuna.com сумесна з вядомымі беларускімі спартсменамі, сярод якіх Ягор Мешчаракоў, Марына Арзамасава, Надзея Астапчук і іншыя, запусцілі вялікі дабрачынны аўкцыён. Усе атрыманыя сродкі будуць пералічаны ў Фонд спартыўнай салідарнасці, задачай якога з'яўляецца падтрымка спартоўцаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю.