Палітвязень Аляксандр Фядута «рыхтуецца зімаваць у замку»

З палітвязнем Аляксандрам Фядутам зноў пачалі праводзіцца следчыя дзеянні. Пра гэта ён піша ў лістах на волю, паведамляе «Еўрарадыё».

Аляксандр Федута / dw.com

Аляксандр Федута / dw.com


З палітвязнем Аляксандрам Фядутам зноў пачалі праводзіцца следчыя дзеянні. Пра гэта ён піша ў лістах на волю. Раней была інфармацыя, што следчыя дзеянні не праводзіліся не менш за тры месяцы.
Палітолаг і літаратуразнаўца знаходзіцца за кратамі з красавіка 2021 года. Ён абвінавачваецца ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».
Як піша ў Facebook жонка Фядуты Марына Шыбко, ён «рыхтуецца зімаваць у замку». З новымі сукамернікамі абмяркоўвае не толькі кнігі і беларускае кіно, але і тэатр (перадае прывітанне «купалаўцам»). Пушкініст чытае ім лекцыі — адна з іх была пра Мураўёва-вешальніка. А яшчэ яны разам спяваюць песні Уладзіміра Высоцкага.
Аляксандр Фядута ведае пра смерць паэта Алеся Разанава і называе яе «вялікім горам, якое спасцігла беларускую літаратуру».
Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве разам з адвакатам беларускага паходжання з ЗША Юрыем Зянковічам. У Беларусі па той жа справе былі затрыманыя лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і былая супрацоўніца мінскай кампаніі Зянковіча Вольга Галубовіч. Аляксандр Лукашэнка заявіў аб «раскрыцці дзяржаўнага перавароту» і рыхтаванага замаху на яго і яго дзяцей. З фільмаў, паказаных на дзяржаўным тэлебачанні, вынікае, што за «змоўшчыкамі» працяглы час сачылі спецслужбы.