Палітвязня Пяскова паставілі ў калоніі на прафілактычны ўлік. Лічуць, што ён схільны да экстрэмізму

Палітычнага зняволенага Паўла Пяскова з Маладзечна, асуджанага на 3 гады і 3 месяцы калоніі за супраціўленне АМАПаўцу падчас ланцуга салідарнасці, паставілі на прафілактычны ўлік у бабруйскай калоніі. Пра гэта паведамляе Валанцёрская служба «Вясны».

pesov_sud.jpg

Па інфармацыі Валанцёрскай службы, Паўла Пяскова паставілі на прафілактычны ўлік як асобу схільную да экстрэмізму і дэструктыўных дзеянняў. Гэта азначае, што над ім цяпер будзе адбывацца ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі калоніі і некаторыя абмежаванні падчас адбыцця тэрміну ў папраўчай калоніі.
Нагадаем, Паўла Пяскова асудзілі на 3 гады і 3 месяцы за супраціўленне амапаўцу падчас ланцуга салідарнасці ў Маладзечне 19 чэрвеня. Пасля вынясення прысуда Пяскова этапавалі ў жодзінскую турму. Там ён знаходзіўся да апеляцыі ў Мінскі абласны суд — апеляцыю адхілілі. Затым Паўла этапавалі ў бабруйскую папраўчую калонію, дзе ён адбывае тэрмін.
Адрас для лістоў салідарнасці Паўлу Пяскову:ПК-2, вул. Сікорскага, 1, г. Бабруйск, 213800
spring96.org