Палітзняволеная Паліна Шарэнда спрабуе аспрэчыць судовае рашэнне
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк спрабуе аспрэчыць апошняе судовае рашэнне.
![szarenda_sjam_ja.jpg szarenda_sjam_ja.jpg](/img/v1/images/szarenda_sjam_ja.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле рашэння суддзі
суда Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалая Крупадзёрава, Паліне дадалі яшчэ
адзін год калоніі нібыта за злоснае непадпарадкаванне загадам адміністрацыі
калоніі.
Пра гэта яе муж, Андрэй Шарэнда, распавёў журналістам Радыё Рацыя:
— Дата апеляцыі прызначаная на 8 чэрвеня. Да 8 чэрвеня Паліна будзе знаходзіцца ў СІЗА Гомеля. Наконт апеляцыі ў мяне ніякіх сумневаў няма, чым яна скончыцца. Фактычна прысуд будзе пацверджаны. І пасля гэтага Паліна будзе этапаваная, хутчэй за ўсё, у магілёўскую крытую турму.
Паводле Андрэя Шарэнды, Паліна ўдзячная людзям за падтрымку. Яна па-ранейшаму лічыць, што перамагчы рэжым змогуць санкцыі і перамога Украіны ў вайне з Расіяй:
— Нельга паддавацца, толькі жорсткія санкцыі могуць дапамагчы палітвязням выйсці на волю. Паліна таксама ведае пра тое, што цяпер адбываецца ва Украіне. Яна ўпэўненая, што Украіна пераможа. І гэта будзе першы крок да нашай агульнай перамогі.
Нагадаем, што Паліну Шарэнду-Панасюк першапачаткова асудзілі на два гады зняволення за непадпарадкаванне міліцыі і іх абразу, а таксама за абразу Лукашэнкі. У пачатку верасня 2022 года яна павінна была выйсці на волю.