Палітзняволеную Марыю Калеснікаву адмовіліся вызваліць пад заклад і падоўжылі арышт
Марыі Калеснікавай падоўжылі арышт да 8 студзеня. Раней следства адмовілася вызваліць яе пад заклад, паведаміла «Свабода».
6 лістапада следчыя падоўжылі тэрмін арышту сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі Марыі Калеснікавай. Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе штабу Віктара Бабарыкі.
Раней следства адмовілася вызваліць пад заклад сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі Марыю Калеснікаву, паведаміла ТАСС яе адвакатка Людміла Казак.
Адвакатка ўжо прасіла перавесці Калеснікаву пад хатні арышт — адмовілі, пад асабістае паручальніцтва — адмовілі. Адвакатка яшчэ збіраецца прасіць вызваліць пад падпіску аб нявыездзе.
Гэтыя хадайніцтвы аргументаваныя ў тым ліку тым, што шэраг іншых палітвязняў раней вызвалілі з ізалятараў пасля сустрэчы Лукашэнкі з імі ў СІЗА КДБ. Калеснікава на гэтую сустрэчу ехаць адмовілася.
Цяпер Калеснікава, а таксама адвакат Максім Знак утрымліваюцца пад вартай у якасці абвінавачаных па ч. 3 арт. 361 КК Беларусі (заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду знешняй бяспекі Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці).
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітвязнямі.
7 верасня Марыю Калеснікаву захапілі невядомыя ў цывільным, а потым спрабавалі гвалтам вывезці ва Украіну, але сябра Каардынацыйнай рады парвала пашпарт на мяжы і пакінула аўтамабіль падчас спробы прымусовай дэпартацыі з Беларусі. З санкцыі пракурора яна была ўзятая пад варту ў ноч на 8 верасня.
16 верасня ёй было прад’яўлена абвінавачанне ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу.