Пасол Латвіі: Вельмі важная стабільнасць і прагназаванасць бізнес-асяроддзя ў Беларусі

Стабільнасць і прагназаванасць бізнес-асяроддзя ў Беларусі з'яўляюцца ключавымі фактарамі для інвестараў, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН пасол Латвіі Міхаілс Папкоўс. 



000013_00000076269.jpg

Фота belta.by


"Для нашых прадпрымальнікаў, зрэшты, як і для ўсіх тых, хто займаецца бізнесам у Беларусі, вельмі важная стабільнасць і прагназаванасць бізнес-асяроддзя — гэта галоўныя, ключавыя фактары, якія ўплываюць на працэс прыняцця рашэння бізнесменамі займацца тымі ці іншымі праектамі", — падкрэсліў дыпламат. 


У цэлым, паводле яго слоў, Латвія задаволеная станам і дынамікай двухбаковых адносін з Беларуссю. "Мы па-ранейшаму з'яўляемся важнымі знешнеэканамічнымі партнёрамі, — адзначыў Папкоўс. — Прыярытэтнымі сферамі нашага двухбаковага ўзаемадзеяння, акрамя канструктыўнага палітычнага дыялогу, з'яўляюцца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў галіне знешняга гандлю, транспарту і лагістыкі, памежнае супрацоўніцтва, развіццё гуманітарных кантактаў нашых грамадзян, а таксама супрацоўніцтва на ўзроўні самакіравання". 


Пасол звярнуў увагу на тое, што на беларускім рынку даволі паспяхова працуюць некаторыя латвійскія кампаніі, якія спецыялізуюцца на розных сегментах сферы паслуг. "Гэта будаўніцтва, інфармацыйныя тэхналогіі, рэстаранны і турыстычны бізнес. Многія з іх маюць ужо шматгадовы вопыт працы ў Беларусі і дасягнулі пэўных вынікаў у сваіх сферах дзейнасці", — заўважыў пасол Латвіі.

belapan.by