Пекла для людзей — рай для звяроў

150 зуброў жывуць у самым радыяактыўным месцы Зямлі.

zubr9_1.jpg

Самы дзікі лес Беларусі, а можа і ўсёй Эўропы, — каля Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, на самай мяжы з Украінай. Пасля аварыі 26 красавіка 1986 году 30-кіламетровую зону вакол АЭС цалкам адсялілі. За 21 год у гэтай частцы прыпяцкай даліны ўтварыліся палескія джунглі — ідэальнае месца для звярэй і птушак.

zubr_1.jpg

З беларускай зоны адчужэння і навакольнай тэрыторыі ў 1988 годзе ўтварылі Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. З прычыны высокага ўзроўню радыяцыі тут забаронена паляванне, а гаспадарчая дзейнасць вядзецца толькі на некалькіх эксперымэнтальных пляцоўках.
Плошча ўсёй адселенай тэрыторыі запаведніка — 2154 квадратныя кіламетры. Гэта сувымерна з тэрыторыяй двух раёнаў Беларусі. Пастаянна тут ніхто не жыве. Толькі навукоўцы прыяжджаюць на вахтавую працу.

zubr2_1.jpg

Усе ўезды ў запаведнік закрытыя. Трапіць сюды можна толькі праз кантрольна-прапускны пункт па спэцдазволе. Без кантролю тут перамяшчаюцца выключна жывёлы.
У 1996 годзе ў радыяцыйным запаведніку з'явіліся новыя жыхары — зубры. З Белавежскай пушчы сюды завезлі 16 асобінаў. За 31 год папуляцыя вырасла амаль у дзесяць разоў. Сёння ў запаведніку жыве каля 150 зуброў. І хоць гэта вялікая папуляцыя, шанцы сустрэць зубра ў прыродзе вельмі малыя.

zubr3.jpg

Сяргей Смалоўскі працуе ў запаведніку трынаццаты год. Вядучы паляўніцтвазнаўца, ён добра ведае месцы рассялення папуляцый. Але нават дасведчанаму супрацоўніку запаведніка нячаста выпадае сустрэць зуброў у лесе.
«Я вось засаджваю палі аўсом, на палях іх можна пабачыць, — кажа Смалоўскі. — І тое, калі машына пад’язджае, яны адразу ў лес хаваюцца. Яны вельмі асцярожныя»

zubr4_1.jpg

Адзіны шанец пабачыць дзікіх зуброў — падчас зімовай падкормкі. У зоне адчужэння ёсць зубрагадавальнік «Майдан». Ад лістапада да красавіка зубры прыходзяць сюды карміцца.

zubr5_1.jpg

Каб трапіць у зубрагадавальнік «Майдан», трэба праехаць два КПП. Першы — на ўездзе ў запаведнік. Тут пачынаецца зона адсялення. Побач з КПП размешчаны навуковы аддзел, дзе працуюць каля 40 навукоўцаў.

Другі КПП — ужо на ўездзе ў 30-кіламетровую зону адчужэння, запаведную зону, дзе чалавек не вядзе аніякай дзейнасці. Гэта самае забруджанае радыенуклідамі месца ў сьвеце. Больш за 7 гадзін чалавеку тут быць нельга. Таму егеры прыязджаюць у зубрагадавальнік толькі на дзень працы. З «чыстай зямлі» яны прывозяць ваду і ежу. Спажываць у ежу хоць што-колечы мясцовае катэгарычна забаронена.

zubr6_1.jpg

«Майдан» — адзіны зубрагадвальнік на тэрыторыі запаведніка. Штогод 1 лістапада, як па раскладзе, сюды прыходзяць зубры. У халодны сэзон іх падкормліваюць аўсянай мукой і сенам. Даюць і брыкеты солі, якія стымулююць імунітэт.
Аб 11-й гадзіне дня егеры высыпаюць муку ў кармушкі, а трактар вывозіць цюкі з сенам. За месяц зубры з'ядаюць да 12 тон сена і да 4 тон мукі. Сена нарыхтоўваюць у эксперымэнтальнай гаспадарчай зоне запаведніка.

zubr7_1.jpg

Са 150 зуброў да кармушкі прыходзіць пад чвэрць. У самыя лютыя маразы — да 50–70 асобінаў. У звычайныя дні — каля 30–40. Цяпер папуляцыя раздзеленая на 13 груп. Некаторыя сышлі ў глыб запаведніка і нават ня ведаюць, што тут ёсьць падкормка.
«Ежы тут хапае, — кажа Смалоўскі. — Ім тут утульна. Вось гэты падрост — добрыя кусты, дрэвы — гэта іхняя ежа. Дваццаць тысяч гектараў! Еж што хочаш!».

zubr8_1.jpg

Зубры за плотам, кармушкі з мукой, сена ў цюках — усё гэта нагадвае вальеры заасаду. Але ў радыяцыйным запаведніку ў вальерах не жывёлы, а людзі. Навукоўцы прыязджаюць сюды ў лічаныя мясціны, абгароджаныя плотам. А навокал на тысячах гектараў вольна перамяшчаюцца жывёлы.
«Камусьці Чарнобыль — гора, затое звярам — рай», — кажа Смалоўскі.
Навукоўцы ў запаведніку вывучаюць уплыў радыяцыі на расьліны і жывёлаў. Але за такі кароткі прамежак часу адназначныя высновы зрабіць цяжка.

«Мала часу мінула, — кажа Смалоўскі. — Радыяцыя — гэта ж такая справа: трэба, каб хаця б 50 год прайшло. Будзе бачна штосьці. А можа, і ня будзе».
Пэрыядычна для навукоўцаў егеры адлоўліваюць жывёлаў. І часта выходзіць, што ў адным статку сустракаюцца жывёлы з моцным узроўнем забруджвання і цалкам чыстыя.

zubr10.jpg

«Вось, глядзіце, усе маляняты прыгожыя, здаровыя. Можа, празь якіх дзесяць пакаленьняў што і зьменіцца».
У прыродзе самкі і самцы жывуць асобнымі групамі. Разам яны збіраюцца толькі ў шлюбны перыяд. А таксама каля зубрагадавальніка. Адсюль і несвоечасова народжаныя зубраняты. Замест траўня яны нараджаюцца ў кастрычніку.

zubr11.jpg

На першы погляд, самкі і самцы мала чым адрозьніваюцца — вялікія бурыя жывёлы, дый усё тут. Але Смалоўскі пярэчыць.
«Яны ж абсалютна розныя. Вось самец здаровы стаіць, гарбаты. А вось самачка. Яна ж да жанчыны і падобная. Яны розныя ўсе. Як і людзі».

zubr12.jpg

Чым далей едзеш у глыб запаведніка, тым дзічэйшыя мясціны вакол дарогі. Зона адчужэння цалкам належыць прыродзе. Тут не расчышчаюць завалы, старыя дрэвы не прыбіраюць, і прыгожай перспектывы ўглыб лесу ніадкуль не відаць: усё пазаростала.
«Тут выключна дзікая прырода, — кажа Смалоўскі. — Натуральная плынь часу. І вось тут — дзікая папуляцыя зуброў. Вольная. Палеская».

zubr13.jpg

Папуляцыі розных відаў тут рэгулюе выключна прырода. Ваўкам дастаюцца слабыя асобіны казуляў, аленяў і дзікоў. Як толькі ў Беларусі дзікоў пачалі знішчаць (у самім запаведніку гэта забаронена, таму іх адстрэльвалі ўздоўж межаў), папуляцыя ваўка таксама скарацілася. Для іх стала менш ежы.

zubr14.jpg

Па словах Смалоўскага, тут можна сустрэць ці ня ўсе віды зьвяроў. Рысі, мядзведзі, ласі, казулі, алені, выдры, норкі, барсукі. За ўсімі назіраюць навукоўцы. Акурат тыдзень таму праводзіўся ўлік ваўкоў з верталёта.
«Звярэй тут ні шмат, ні мала. Нармальна. Прырода сама рэгулюе, колькі трэба. У прыродзе ўсё як мае быць».

zubr15.jpg

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — найлепшае месца для зуброў у Беларусі. Так кажа Смалоўскі. Нават у Белавежскай пушчы, самым старым лесе Еўропы, ім ня так добра жывецца. Па-першае, на меншай тэрыторыі там жыве ў тры разы большая папуляцыя. Па-другое, дзейнасць чалавека ў пушчы больш актыўная, чым у забруджанай зоне.
«Самае галоўнае, што тут у натуральнай прыродзе ўсё. Звяры сябе адчуваюць цудоўна».

Паводле Радыё Свабода