Пенітэнцыярнай сістэме неабходны рэформы

Зняволеныя ў Беларусі пазбаўлены многіх правоў, пенітэнцыярная сістэма з’яўляецца непразрыстай і вымагае рэформаў. Такія высновы ўтрымліваюцца ў «Справаздачы па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь» за 2016 год.

20170321_114516_resized_logo.jpg


Прэзентацыя дакумента адбылася 21 сакавіка ў офісе Праваабарончага цэнтру «Вясна».
На пачатку прэзентацыі кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі выказаў меркаванне, што апошнім часам Беларусь увайшла ў перыяд пэўнае турбулентнасці.
«Зараз амаль сто чалавек сядзяць на «сутках», і гэтая лічба кожны дзень павялічваецца, таму бягучая сітуацыя патрабуе асаблівай і аператыўнай увагі і рэагавання. Але тэма ўмоваў у месцах прымусовага ўтрымання таксама з’яўляецца вельмі важнай і стаіць на парадку дня ў беларускіх праваабаронцаў ужо не першы год. «Вясна» робіць такі маніторынг ад 2009 года», — нагадаў Алесь Бяляцкі.    
Па словах аднаго з аўтараў Справаздачы, юрыста «Вясны» Паўла Сапелкі, гэты маніторынг мае за мэту, перш за ўсё, абарону правоў зняволеных, якіх у Беларусі на сённяшні дзень каля 35 тысяч.
«Колькасць зняволеных, хоць і пакрыху, але расце ў апошнія гады, аднак пры гэтым колькасць пенітэнцыцярных установаў, калоніяў змяншаецца. Гэта выклікае пэўную занепакоенасць у той частцы, што ўмовы ўтрымання не адпавядаюць тым нормам, якія прадугледжаны і беларускімі нарматыўнымі актамі, і абавязацельствамі Беларусі ў галіне абароны правоў чалавека, — адзначае юрыст. — Але лічба 35 тысяч не канчатковая. Мы кажам пра тое, што 6 700 чалавек утрымліваюцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях (ЛПП), а гэта па сутнасці з’яўляецца пазбаўленнем волі; больш за 3 000 чалавек штогод праходзяць праз арыштныя дамы, а гэта адна з найбольш жорсткіх формаў пазбаўлення волі; ёсць яшчэ амаль 42 000 адміністрацыйна арыштаваных, якія таксама праходзяць праз месцы пазбаўленны волі, а таксама яшчэ каля 7 000 чалавек, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых установах адкрытага тыпу, але гэта таксама з’яўляецца пазбаўленнем волі, хоць і не ў такой жорсткай форме».
Апроч таго, працягвае эксперт, у месцах прымусовага ўтрымання знаходзяцца тыя, хто пазбаўлены волі паводле рашэння суда і накіраваны на прымусовае лячэнне. «Да таго ж, мы кажам і пра тых падлеткаў, якія накіраваны на прымусовае лячэнне альбо вучобу ў закрытыя лячэбныя ці навучальныя ўстановы», — дадаў Павел Сапелка.  
Паводле эксперта, у Справаздачы звяртаецца ўвага на шэраг аспектаў парушэння правоў зняволеных. Гэта, найперш, іх палітычныя правы. «Нашы зняволеныя, у тым ліку і тыя, хто яшчэ не прызнаны вінаватым, пазбаўлены выбарчых правоў. Да таго ж, у месцах пазбаўлення волі яшчэ не да канца створаны ўмовы для бяспечнага ўтрымання асобных катэгорыяў зняволеных. Парушаюцца правы зняволеных на скаргі і перапіску, на іх кантакты з абаронцам».
Асабліва аўтары Справаздачы падкрэсліваюць, што медычнае абслугоўванне зняволеных зусім не адпавядае таму ўзроўню сацыяльнага развіцця беларускае дзяржавы, якая мае на ўвазе больш высокія стандарты, чым яна мае цяпер.
 «Ад 2010 года нашы зняволеныя па сутнасці абыходзяцца без сапраўднае лякарні, дзе яны маглі б атрымліваць якаснае медычнае абслугоўванне. А Рэспубліканская бальніца для зняволеных толькі яшчэ будуецца, і на сённяшні дзень яе гатоўнасць, паводле сведчанняў кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў, складае толькі 60 адсоткаў. Так што гэта ў нас яшчэ ў вельмі далёкай і прывіднай перспектыве», — лічыць Павел Сапелка.
Апроч таго, адзначаецца ў дакуменце, існая сістэма адбыцця пакарання і ўтрымання ў пенітэнцыярных установах грамадзянаў парушае іх працоўныя правы і дыскрымінуе іх параўнальна са звычайнымі працоўнымі. Вяртаючыся да пытання ўтрымання людзей ў ЛПП, Сапелка падкрэсліў, што гэтыя ўстановы з’яўляюцца самым саромным месцам дзяржавы.
«Гэта тое месца, дзе ўтрымліваюцца людзі ва ўмовах пазбаўлення волі, але якія не здзейснілі аніякіх злачынстваў», — звяртае ўвагу юрыст. Паводле ягонага меркавання, такія ўстановы павінны ўвогуле быць ліквідаваныя ў Беларусі.
Увогуле, перакананы Сапелка, выправіць сітуацыю з парушэннямі правоў чалавека ў пенітэнцыярнай сістэме можна толькі праз сур’ёзны грамадскі кантроль над утрыманнем зняволеных.
«Аднак, заканадаўства Беларусі, на вялікі жаль, максімальна абмежавала магчымасці такога грамадскага кантролю, пры гэтым сама дзяржава не стварыла сістему, якая магла б перашкаджаць парушэнням у месцах пазбаўлення волі. У нас няма інстутытута амбудсмена, які сам альбо ягоны апарат мог бы наведваць месцы пазбаўлення волі без узгаднення з адміністрацыямі такіх установаў і ўплываць на паляпшэнне становішча зняволеных у галіне правоў чалавека», — падкрэсліў юрыст «Вясны».

Алесь Бялцкі і Павел Сапелка

Алесь Бялцкі і Павел Сапелка


Па словах Алеся Бяляцкага, асноўная выснова, якая зроблена ў гэтай Справаздачы, гэта тое, што сістэма пакарання ў Беларусі застаецца скрайне кансерватыўнай, закрытай, змены ў ёй практычна не адбывюцца.
«Інфармацыя адтуль выходзіць вельмі цяжка. Пра некаторыя рэчы мы даведваемся толькі праз пэўны час, з трэціх рук ці толькі дзякуючы сваякам зняволеных. Сістэма вельмі закрытая, таму адна з галоўных рэкамендацыяў ад праваабарончых і няўрадавых арганізацыяў — гэта каб сістэма пачала раскрывацца і была больш празрыстай. Сістэма пакарання ў Беларусі патрабуе татальнага рэфармавання», — упэўнены лідар «Вясны».