Пенсіянерку затрымалі па дарозе з касцёла і далі штраф. Прычына — БЧБ-парасон у руках
Мінская пенсіянерка пасля службы ў касцёле ішла з чырвона-белым парасонам з надпісам Polska і трапіла спачатку ў РУУС, потым на Акрэсціна, а потым у суд.
«Круціла ў руках бел-чырвона-белы парасон, выкрыквала
лозунгі «Жыве Беларусь», — сказана ў пастанове суда Цэнтральнага
раёна Менска, піша tut.by.
65-гадовую пенсіянерку Марыю Равуцкую судзілі паводле ч.1
арт. 23. 34 КаАП за несанкцыянаваны пікет, аднак жанчына сваёй віны не прызнала
і распавяла сваю версію падзей.
Гэтая гісторыя адбылася ў мінулую нядзелю (3 студзеня) пасля
службы Тадэвуша Кандрусевіча ў Кафедральным саборы на плошчы Свабоды. У той
дзень былога кіраўніка Каталіцкай Царквы ў Беларусі віншавалі з 75-годдзем, а
таксама стала вядома, што папа Рымскі прыняў адстаўку мітрапаліта. Марыя
Равуцкая была на гэтай службе: яна чалавек уцаркоўлены, ужо некалькі гадоў
дапамагае ў Чырвоным касцёле і спявае ў хоры «Паланэз».
— У той дзень служба працягвалася даўжэй звычайнага, мы
спявалі мітрапаліту Sto lat!, скончылася бліжэй да гадзіны дня. Я пайшла да
метро «Няміга» — колькі там ад Кафедральнага ісці! — распавядае Марыя
Равуцкая.
У руках у пенсіянеркі быў чырвона-белы парасон з надпісам
Polska. Марыя Равуцкая кажа, што парасону больш за 20 гадоў, ён набыты ў
Польшчы.
— Спачатку вісеў у шафе як сувенір, потым стала карыстацца
ім. А калі ў Беларусь не пусцілі Тадэвуша Кандрусевіча, стала хадзіць з гэтым
парасонам усюды, — распавядае Марыя Антонаўна.
Жанчына кажа, што ўжо спускалася ў падземны пераход, калі яе
затрымалі шасцёра сілавікоў.
— Падскочылі шэсць малайцоў ў чорным і сказалі: «Праходзьце!».
Схапілі мяне за рукі. Не магу сказаць, што моцна схапілі — я асабліва не
супраціўлялася. У судзе потым заявілі, што я крычала «Жыве Беларусь» і праводзіла пікет. Я патлумачыла: па-першае, лозунг «Жыве Беларусь» я не лічу нейкім дрэнным па сэнсе. Па-другое, я яшчэ ў сваім розуме і нічога
адна на пустой дарозе не крычала і крычаць не буду. Па-трэцяе, калі б я і
крычала, то гэта было б: «Bóg, Honor, Ojczyzna!» («Бог, гонар,
Айчына!» — патрыятычны дэвіз). Я полька па нацыянальнасці.
Жанчына кажа, што была так пакрыўджаная затрыманнем, што
казала з сілавікамі па-польску, на рускую перайшла пазней.
Марыя Равуцкая нарадзілася ў Беларусі, у яе беларускае
грамадзянства, але ў графе «нацыянальнасць» у яе пазначана: полька.
Палякамі лічылі сябе і продкі жанчыны.
Жанчына распавядае, што чорны мікрааўтобус прывёз яе ў РУУС.
— Падобна на тое, гэта было РУУС Цэнтральнага раёна Мінска.
Раней я ў такія месцы не трапляла, можна зразумець мой стан.
Там у мінчанкі канфіскавалі асабістыя рэчы — заручальны
пярсцёнак, сярэбраны ланцужок і медальён з выявай Божай Маці, а яшчэ — парасон.
Потым адправілі ў вузкі пакой без вокнаў, з адной лаўкай, дзе пенсіянерка
праседзела да глыбокай ночы.
— Вентыляцыя вельмі шумела — заснуць не ўдалося. Каб прайсці ў
туалет, трэба было стукацца. Сядзела там, малілася і часам спяваў польскія
песні, а яшчэ «Магутны Божа» на беларускай, — расказвае жанчына.
Патэлефанаваць дадому, кажа, не дазволілі — хатнія ўвесь гэты
час перажывалі за пенсіянерку, Дачка даведалася пра яе затрыманне толькі
раніцай 4 студзеня.
— Уначы мяне перавезлі на Акрэсціна. У камеры былі тры
двухпавярховыя ложкі, калі я прыйшла, усе ніжнія месцы былі занятыя. Так і не
зразумела, як залезці наверх — нацягнула капюшон і легла на драўляную лаву — думаю, будзе фітнес. Раніцай нас кармілі — да ежы прэтэнзій няма. З хлеба
зрабіла ружанец з крыжыкам.
4 студзеня пэнсіянерку судзілі па скайпе. Суддзя
Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк палічыў шпацыр з парасонам
несанкцыянаваным пікетам. Яе адпусцілі, але прызначылі штраф — 30 базавых
велічынь (870 рублёў).
— Сказалі, калі я штраф не выплачу за месяц, то ўсе мае
асабістыя рэчы пойдуць у даход дзяржавы. Будзе вельмі шкада: яны мне дарагія. Але
30 базавых — гэта дзве мае пенсіі! — уздыхае пенсіянерка.
Вінаватай Марыя Равуцкая сябе не прызнала, але пакуль не вырашыла, ці будзе апратэстоўваць рашэнне суда.