Новы небяспечны вірус у Беларусі?

Як распавяла «Нашай Ніве» мама дзяўчыны, 20 студзеня Ганна вярнулася ў Беларусь. 22 студзеня ёй стала блага.

girl.jpg

21-гадовая Ганна Ільніцкая вярнулася з Кітая 20 студзеня. Ужо праз пару дзён яна трапіла ў Мінскую інфекцыйную бальніцу. Як кажуць яе знаёмыя, сімптомы падобныя да таго самага каронавіруса.
Шум падняў яе хлопец Арман Каракешышан. Ён адзін з тых, хто таксама трапіў у навіны, толькі ў расійскія. Дактары падазравалі, што ў Армана каронавірус, але ўсё абышлося — проста рэспіраторная вірусная інфекцыя.
Ганна Ільніцкая — ураджэнка Мінска, але вучылася ў Расіі, у Пецярбургу. Цяпер яна ў акадэмічным адпачынку. Нядаўна Ганна наведвала Кітай, правяла там тры месяцы разам са сваім бойфрэндам, распавёў яе брат.
Як распавяла «Нашай Ніве» мама дзяўчыны, 20 студзеня Ганна вярнулася ў Беларусь. 22 студзеня ёй стала блага, паднялася тэмпература, выклікалі хуткую.
Пакуль дакладны дыягназ дзяўчыне не паставілі, але сваякі абураныя дзеяннямі беларускіх медыкаў.
«Яе хацелі пакласці ў агульную палату. Да раніцы не ўзялі аналізы, акрамя крыві. А ўжо сёння просяць паведаміць у СМІ, што гэта грып B, — расказаў «Нашай Ніве» брат Ганны. — Уражвае падыход беларусаў. У Расіі яе хлопца забіралі з аэрапорта ў касцюмах хімабароны. А ў Мінску Ганну з такімі ж сімптомамі хочуць пакласці ў палату да іншых пацыентаў».
Мама дзяўчыны распавяла, што яе дачку ўсё ж перавялі ў асобную палату. Больш падрабязнай інфармацыі пра стан дачкі жанчына пакуль не мае.
Шэраг СМІ ўжо звярнуўся ў Мінздароўя, але там пакуль сітуацыю не каментуюць.
Ці заразілася дзяўчына новым вірусам, ці гэта звычайны грып, стане вядома па выніках аналізаў. Смяротнасць ад новага каронавіруса даволі высокая, лятальны вынік характэрны пераважна для хворых, старэйшых за 65 гадоў.

Што вядома пра новы вірус

Вірус 2019-nCoV — варыянт каранавіруса, які да гэтага часу не перадаваўся людзям. Каранавірусы — сямейства вірусаў, якое ўключае 38 відаў вірусаў, толькі шэсць (а з новым вірусам — сем) з якіх паражаюць чалавека. Даследчыкі лічаць, што, хутчэй за ўсё, вірус распаўсюдзіўся на людзей ад жывёл, але можа таксама перадавацца ад чалавека да чалавека. Сярод сімптомаў заражэння: падвышаная тэмпература, кашаль, абцяжаранае дыханне. Людзям раяць не дакранацца да жывёл, пазбягаць недаваранага або недасмажанага мяса і яек, а таксама пазбягаць кантакту з людзьмі з сімптомамі прастуды ці грыпу.
Крыніца: Сусветная арганізацыя аховы здароўя
У Кітаі колькасць тых, хто заразіўся новым каранавірусам, вырасла да 617 чалавек, паведаміў кітайскі тэлеканал CGTN.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі адзначыла, што ў нашай краіне ўзмоцнены прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні распаўсюджвання каранавіруса
Работа спецыялістаў ведамства накіравана на прафілактыку захворвання сярод тых, хто заязджае ў Беларусь з краін з неспрыяльнай эпідсітуацыяй. Таксама вядзецца праца, у тым ліку праз тураператараў, па папярэджанні грамадзян, якія выязджаюць з Беларусі ў турыстычныя паездкі. Каб аператыўна прыняць меры па недапушчэнні завозу віруса ў краіну — праводзяцца комплексныя мерапрыемствы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». У аэрапортах арганізаваны санітарна-каранцінны кантроль пасажыраў з краін, у якіх выяўлена захворванне, у тым ліку з прымяненнем цеплавізійнага абсталявання.