Пра Зміцера Паліенку не паведамляюць нават яго адвакатцы
Зміцер Паліенка, затрыманы ўвечары 29 студзеня, цяпер знаходзіцца ў ІЧУ. Туды яго прывезлі толькі раніцай, ноч ён правёў у Заводскім РУУС Мінска. Інфармацыю пра Зміцера не паведамляюць нават яго адвакатцы.
Пра ўмовы ўтрымання ў РУУС распавёў анархіст Вячка Касінераў. Па яго словах, там не кормяць, адсутнічае вада. У лепшым выпадку можна перахапіць глыток вады падчас паходу ў прыбіральню. У камеры няма туалета, даводзіцца патрабаваць ў вартаўніка вывесці. Але, якраспавядала Наста Гусева, палітычных актывістаў спецыяльна па шмат часу не выводзяць у прыбіральню, прымушаючы рабіць свае справы на падлогу.
«Безумоўна, гэта адкрытая форма катаванняў, якая выкарыстоўваецца нашчадкамі НКУС і гестапа з адзінай мэтай — напужаць грамадства, спрабуючы паралельна зламаць дух актывістаў», — адзначыў Вячка Касінераў і заклікаў салідарызавацца з тымі, кто сёння церпіць ад міліцэйскага бязмежжа.
Актывіста анархісцкага руху Зміцера Паліенку затрымалі ўвечары 29 студзеня — нібыта за экстрэмісцкі пост у сацсетках.
Зміцер Паліенка вызваліўся ў кастрычніку 2018 года пасля трохгадовага турэмнага тэрміну. З таго часу ціск на яго не спыняецца: было складзена ўжо не менш за чатыры адміністрацыйныя пратаколы — за ненаведванне лекцый у РУУСе і «экстрэмісцкія» пасты ў сацсетках. Тыдзень таму Зміцера Паліенку і яшчэ двух актывістаў затрымалі па крымінальнай справе аб нанясенні графіці. Трое сутак яны правялі ў ІЧУ, дзе падвяргаліся здзекам.
Днямі Зміцер Паліенка пісаў аб сустрэчы са сваім участковым, які патрабаваў зайсці да яго для дачы тлумачэнняў і заявіў: "Ты ж разумееш, так будзе бясконца".