Пракуратура: прымусовая падпіска ў Лідзе насіла «рэкамендацыйны характар»
Пракуратура Лідскага раёна адказала на зварот ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» адносна ліста мясцовых уладаў аб падпісцы на дзяржаўныя выданні.

У верасні ў прэсу трапіў ліст Лідскага райвыканкаму да кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёну. У ім улады звярталі увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў “на неабходнасць прыняцця мер па правядзенні падпісной кампаніі на 4 квартал на выданні “Советская Белоруссия”, “Рэспубліка”, “Звязда”, “Гродзенская праўда”, “Лідская газета” і іншыя...” Колькасць выпісаных выданняў павінна складаць не менш за 50 % ад колькасці працаўнікоў прадпрыемства, — адзначалася ў дакуменце.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” убачыла ў дадзеным факце парушэнне роўных эканамічных умоў для згаданых выданняў перад іншымі і звярнулася ў пракуратуру з просьбай праверыць законнасць патрабаванняў улады.
У выніку разгляду пракуратура Лідскага раёну паведаміла, што ліст кіраўнікам прадпрыемстваў са словамі “неабходна забяспечыць” і “павінна складаць”, аказваецца, насіў рэкамендацыйны характар.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” неаднаразова звяртала ўвагу на тое, што падпісныя дырэктывы чыноўнікаў істотна парушаюць роўнасць умоў працы дзяржаўных і недзяржаўных СМІ ў Беларусі.
Да таго ж шэраг недзяржаўных выданняў па-ранейшаму не ўключаныя ў падпісны каталог РУП “Белпошта”, куды неаднаразова спрабавалі трапіць, але атрымлівалі адмовы.

