Пракурор папрасіў для віцебскай медсястры 6 гадоў калоніі за тры ўдары па машыне
19 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска скончыліся судовыя слуханні па крымінальнай справе віцяблянкі Юліі Кашаверавай, абвінавачанай у злачынстве паводле часткі 2 артыкулу 339 КК (злоснае хуліганства). Адбыліся судовыя спрэчкі бакоў. Прысуд агучаць 22 лютага, піша «Віцебская Вясна».
![cd76c5e6fb5e779b5242c1be6c1adacb_xl_ix3wz.jpg cd76c5e6fb5e779b5242c1be6c1adacb_xl_ix3wz.jpg](/img/v1/images/cd76c5e6fb5e779b5242c1be6c1adacb_xl_ix3wz.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Юлія Кашаверава прызнала віну часткова. Яна не адмаўляла,
што пасля таго, як ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу, не стрымалася і
нанесла тры ўдары па задніх дзвярах міліцэйскага мікрааўтобуса. Але запэўніла,
што па правых бакавых удараў не наносіла, маску і кепку з супрацоўніка МУС не
зрывала.
Пракуратура запатрабавала 6 гадоў
Пракурор Лабацкі 19 лютага пераконваў, што ўчыненае злачынства звязанае з актыўным непадпарадкаваннем супрацоўнікам МУС пры выкананні імі службовых абавязкаў. Прасіў прызнаць Юлію Кашавераву вінаватай ва ўчыненні злачынства паводле ч. 2 арт. 339 КК і прымяніць у дачыненні да яе ізаляцыю ад грамадства.
Настойваў лічыць яе дзеянні наўмыснымі, якія груба парушалі
грамадскі парадак, выказвалі яўную непавагу да грамадства і суправаджаліся
пашкоджаннем чужой маёмасці.
Прасіў прызначыць Кашаверавай пакаранне ў выглядзе
зняволення тэрмінам на 6 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі агульнага
рэжыму.
Адвакатка просіць апраўдаць Кашавераву
Абаронца Кашаверавай звярнула ўвагу суду на супярэчлівыя сведчанні камандзіра звяна АМАПу Аляксея Альхімовіча, з якога Кашаверава нібыта сарвала маску і кепку. Ён заявіў, што не бачыў моманту, калі яе зрывалі. Адвакатка настойвала, што супярэчлівыя паказанні Альхімовіча не могуць быць прызнаныя дакладнымі і, адпаведна, не могуць легчы ў аснову абвінавачвання.
Адвакатка нагадала, што першапачаткова пры выстаўленні
абвінавачвання Кашавераву не вінавацілі ў зрыванні маскі, кепкі і ў пашкоджанні
бакавых дзвярэй мікрааўтобуса. А дзеянні кваліфікаваліся паводле ч.1 арт. 339
КК (хуліганства). Юлія Кашаверава неаднойчы запэўнівала, што кепку яна падняла
з зямлі і перадала іншай дзяўчыне. Момант перадачы зафіксаваны на відэа.
Апытаныя на судовым пасяджэнні сведкі паказалі, што
пашкоджанне бакавых дзвярэй магло адбыцца ў выніку ўдару аб яе грамадзяніна,
якога тады затрымлівалі. Ніхто з апытаных не засведчыў, што пашкоджанні маглі
быць зробленыя Кашаверавай.
Яшчэ 2 кастрычніка ў Кастрычніцкім РАУС Кашаверава не
адмаўлялася ад таго, што нанесла тры ўдары па задняй частцы аўтамабіля.
Прызнанне было зробленае яшчэ да завядзення крымінальнай справы, што сведчыць
аб праўдзівасці падабароннай, а паводле ч.1 арт. 169 КПК можа расцэньвацца як
яўка з павіннай.
Сыходзячы з гэтага, адвакатка прасіла апраўдаць сваю
падабаронную праз адсутнасць у яе дзеяннях складу злачынства паводле ч. 2 арт.
339 КК.
Кашаверава: «Не пазбаўляйце мяне свабоды!»
У апошнім слове Юлія нагадала, што з самага дзяцінства бацькі вучылі яе дабрыні, узаемадапамозе, клопату аб людзях. Менавіта таму яна і выбрала прафесію медсястры. Будучых медыкаў вучылі дапамагаць пацярпелым людзям незалежна ад іх статусу і ад таго, дзе здарылася бяда.
«4 кастрычніка ў натоўпе я пабачыла чалавека, які ляжаў
тварам уніз. Першае, што прыйшло ў галаву, — гэта даведацца, што здарылася, ці
не страціў ён прытомнасць, і дапамагчы. У гэты момант я прыгадала маці, за
жыццё якой змагалася ўся сям’я», — тлумачыла Юлія.
Дзяўчына некалькі разоў спрабавала падысці да чалавека, але
потым міліцыянты ўжылі газ. На зямлі ўжо нікога не было — невядомы хлопец знік.
«Мне стала крыўдна за сябе, бо не здолела дапамагчы. Так, я
прызнаю сваю віну: я ўдарыла па машыне тры разы. Я ўчыніла правапарушэнне, але
не судзіце мяне строга. Не пазбаўляйце мяне свабоды!» — скончыла Юлія
Кашаверава.
Прысуд будзе вынесены 22 лютага.
Паводле «НН».