Праваабаронца-палітвязень працуе рознарабочым на дрэваапрацоўцы

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка ў зняволенні цяпер вымушаны працаваць рознарабочым на дрэваапрацоўцы.

sudalenka_smiarotnae_1.jpeg

Праваабаронцу Леаніда Судаленку, нагадаем, асудзілі на тры гады калоніі за «арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», за «падрыхтоўку людзей для ўдзелу ў іх», а таксама за «фінансаванне такіх дзеянняў».

Пасля суду палітвязня этапіравалі ў віцебскую калонію «Віцьба», дзе ён і зараз адбывае пакаранне.

— Днямі прыйшоў чарговы ліст ад Леаніда, — распавяла «Народнай Волі» Аксана, жонка палітвязня. — Ва ўсіх лістах паведамляе, што яму ніякую карэспандэнцыю не аддаюць. 27 студзеня яго этапіравалі ў калонію, і з таго часу фактычна аніводны ліст з волі не атрымаў — нават ад мяне і ад дзяцей.

Праваабаронца працуе ў 8-м атрадзе калоніі — рознарабочым на дрэваапрацоўцы.

— Прыбірае пілавінне, нешта прыносіць, нешта адносіць, таму не вельмі складаная праца, — кажа Аксана. — А вось па здароўі рэжым не зменены.

Днямі адвакатка хацела ў калоніі спаткацца з Леанідам, але не ўдалося. Мужа да адваката так і не прывялі. Матывацыя была такая: маўляў, ён вельмі моцна заняты на рабоце і адарваць яго ад працы не ўяўляецца магчымым.

9 сакавіка адвакат у чарговы раз наведаецца ў калонію, таму, спадзяюся, гэтым разам усё атрымаецца. Хоць нейкія навіны даведаюся. Спадзяюся таксама і на спатканне.