Прызначана дата разгляду апеляцыйнай скаргі Мікіты Емяльянава

Стала вядома, што апеляцыйную скаргу палітзняволенага анархіста Мікіты Емяльянава суддзя Магілёўскага абласнога суда Мікалай Гладкі разгледзіць 9 чэрвеня ў 10:30.

img_0946_logo__1__logo_1_1_1_2_logo_1_1.jpg

Днямі родным палітзняволенага анархіста Мікіты Емяльянава прыйшло некалькі лістоў, паведамляюць праваабаронцы. У лістах Мікіта паведамляе, што пасля выхаду з карцара ў яго пачалі балець каленныя суставы: з раніцы хлопец не мог устаць з ложка, а турэмшчыкі здзекаваліся з гэтага, казалі, што трэба «памяняць камеру».

На шпацырах палітвязня працягваюць прымушаць прыбіраць дворык, але ён зноў і зноў адмаўляецца гэта рабіць, бо сам не забруджвае яго. У лісце родным Мікіта паведаміў, што з-за гэтага 4 траўня яго зноў накіроўваюць у карцар. Ён ужо адправіў скаргу ў пракуратуру з нагоды перадузятага стаўлення да яго з боку адміністрацыі турмы №4, але адказу пакуль не атрымаў.

За тыдзень знаходжання ў камеры хлопец нарэшце атрымаў пасылку, якую родныя яму адправілі ў лютым, шмат чытаў кніг і газет. Аднак бандэроль з лекамі, якую Мікіту даслалі яшчэ 14 сакавіка, палітвязню дагэтуль не ўручылі.

Емяльянаў адзначае, што ў яго працягваюцца праблемы з ліставаннем: ён атрымлівае лісты толькі ад родных, і тое не ўсе. Хлопцу не аддалі віншаванні на Дзень народзінаў ад мамы і брата, таксама не ўручылі Велікодную паштоўку ад сям'і.

Аднак Мікіта атрымаў грашовыя пераводы ад неабыякавых беларусаў і перадае прывітанне і падзяку ўсім сябрам, таварышам і салідарным людзям.

Падтрымаць палітвязня можна тэлеграмамі, грашовымі пераводамі і пасылкамі: Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А. Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу.