Расіяніну, які пабіў маршрутчыка ў Мінску, пагражае да шасці гадоў турмы
Падазраваны ў збіцці кіроўцы маршрутнага таксі расіянін заключаны пад варту, паведаміла карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
![Кадры з відэарэгістратара, tut.by Кадры з відэарэгістратара, tut.by](/img/v1/images/19061cd4_8ed6_4c93_8d25_84273b0ed684_w1023_r1_s_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кадры з відэарэгістратара, tut.by
— Следчым камітэтам працягваецца расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай па факце здарэння з удзелам вадзіцеля маршруткі. У рамках расследавання затрыманыя двое грамадзян Расійскай Федэрацыі. Да аднаго з падазраваных прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. З другім падазраваным зараз праводзяцца следчыя дзеянні, — патлумачыла Юлія Ганчарова.
Згодна з ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за хуліганства, здзейсненае групай асобаў, грамадзянам Расійскай Федэрацыі пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Інцыдэнт, у выніку якога пацярпеў кіроўца маршрутнага таксі, адбыўся 24 кастрычніка на вуліцы Арлоўскай у Мінску. Двое мужчын на аўтамабілі Hyundai Santa Fe і Mercedes заблакавалі ў першай паласе маршрутку № 1077. Затым адзін з іх утрымліваў маршрутчыка, а другі нанёс яму ўдар па твары з-за таго, што той нібыта залез не ў сваю паласу.
«Мінск-Навіны»