Родныя палітзняволенага журналіста Сяргея Сацука передаюць яму лекі, бо ў яго ішэмічная хвароба сэрца
Журналіст, рэдактар «Ежедневника» быў затрыманы больш чым месяц таму, 8 снежня, у яго прайшоў вобшук і адбыўся допыт у Следчым камітэце. Пасля допыту па старой справе паводле артыкула 430 Крымінальнага кодэкса («Атрыманне хабару») журналіста ўзялі пад варту, і цяпер ён знаходзіцца ў следчым ізалятары.
— Пастаянная сувязь з Сяргеем у нас праз адваката, але цяпер
і адвакаты пастаўленыя ў такія ўмовы, што мала што могуць сказаць, — расказала
«Народнай волі» жонка журналіста. — Таму ведаю, што муж жывы і як быццам
здаровы, вось і ўсе навіны.
Што тычыцца асабістай перапіскі, то, наколькі я зразумела,
нашы лісты Сяргей практычна не атрымлівае, а вось яго рэгулярна даходзяць.
Піша, што нармальна трымаецца. Яму пастаянна мяняюць камеры,
пераводзяць з адной у іншую. Сутыкаецца з людзьмі розных сацыяльных слаёў, але
паведамляе, што там вельмі шмат аднадумцаў, з якімі прыемна пагутарыць.
Рэгулярна перадаём Сяргею лекі, бо ў яго ішэмічная хвароба
сэрца. Неабходныя прэпараты, якія ён прымае ўжо некалькі гадоў. А не так даўно
папрасіў супрацьзапаленчыя сродкі — магчыма, з’явіліся нейкія новыя праблемы.
Паводле слоў Жанны Сацук, у такой сітуацыі ёй таксама даводзіцца нялёгка.
— Прымаю сітуацыю такой, якая ёсць, — кажа яна. — Сама сяджу на медыцынскіх прэпаратах, бо таксама праблемы са здароўем — у мяне прыроджаны парок сэрца з паталогіяй. Пасля арышту Сяргея здароўя, безумоўна, не дадалося, пастаянна збіваецца сардэчны рытм.
Але дачка з зяцем і дзевяцігадовым унукам цяпер са мной
жывуць, так што я пад наглядам. Дапамагаюць, на дом прадукты заказваем.
Перыядычна я і сама нешта ў краме купляю, каб перадачу адправіць мужу.
Сяргей да пасадкі быў гатовы, бо крымінальную справу не закрывалі,
і ён разумеў, што ў любы момант могуць кінуць за краты. З’язджаць за мяжу не
збіраўся, ды і немагчыма было гэта зрабіць — быў пад падпіскай аб нявыездзе.
Няпростая і непрыемная сітуацыя, але, думаю, Сяргей вытрымае…