Родныя Рыгора Кастусёва ўпершыню атрымалі ад яго ліст
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, якога трымаюць у СІЗА КДБ па абвінавачванні ў спробе дзяржаўнага перавароту, напісаў дзецям, жонцы ды ўнукам. Гэта першыя весткі ад яго больш як за месяц зьняволення, піша Радыё Свабода.
Паводле Дзмітрыя Антончыка, зяця палітыка, Кастусёў на ўмовы знаходжання ў няволі не наракае. Піша, што ў яго былі праблемы са здароўем, але ім далі рады. Дзмітрый кажа, што ў цесця часта скача ціск. У лісце палітык адзначае, што глядзіць беларускае тэлебачанне і ведае, як яно асвятляе справу, у якой ён фігуруе. На ягоны погляд, «багата чаго пераварочваецца».
Дзмітрый кажа, што Рыгор Кастусёў шмат пытае, як родныя жывуць без яго. Непакоіцца пра агарод на вёсцы. У лістах пазначана, што яны напісаныя 14 і 15 траўня. Першы напісаў дарослым, а на наступны дзень — малым унукам.
Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка. У той жа дзень дачцэ следчы паведаміў, што ён у Мінску. 13 красавіка на лецішчы палітыка апэратыўнікі правялі вобшук і забралі кампутары, кнігі, носьбіты інфармацыі ды страйкбольны аўтамат. У кватэры дзеці прыкметаў ператрусу не заўважылі. На стале ляжала цыдулка з імёнамі, як яны мяркуюць, тых, хто яго затрымліваў.
22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу). 30 кастрычніка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.