«Сабрала Ігару святочную перадачу, а тут такое». Лосіка этапавалі ў Гомель перад Днём народзінаў

Дата пачатку суда па справе Ігара Лосіка па-ранейшаму невядомая. За кратамі ён ужо 329 дзён, паведамляе «Радыё Свабода».

677aac8a_f504_478c_bbcf_b37b02eeb708_w1023_r1_s.webp

20 траўня стала вядома, што Ігара Лосіка этапавалі са следчай турмы № 8 Жодзіна ў СІЗА № 3 Гомеля. Пра гэта «Свабодзе» расказала жонка палітвязня Дар’я Лосік.

«Прыехала з перадачай Ігару, і мне сказалі, што ён этапаваны, — гаворыць Дар’я Лосік. — Усе прыехалі ў Жодзіна і, як высветлілася, дарэмна. Калі яго вывезлі, я не ведаю. Нам не сказалі».

Зараз Дар’я яшчэ разважае над тым, што ёй рабіць далей. Сёння ў Ігара Дзень народзінаў, яму спаўняецца 29 гадоў. Дар’я падрыхтавала для мужа адмысловую перадачу, але яе не прынялі.

«У Гомель я дабяруся неяк, даеду, справа не ў гэтым, — кажа Дар’я Лосік. — Далёка, але што рабіць. У Ігара Дзень народзінаў, я звязваю этапаванне акурат з гэтым. Вырашылі так „прыгожанька“ ўсё зрабіць, мая асабістая думка такая. Я сабрала Ігару святочную перадачу, а тут такая нечаканасць непрыемная. Цукеркі любімыя Ігара, мясныя прадукты падбірала, яго любімае печыва. Шмат чаго. Канверты прасіў яму перадаць. Нятанна гэта каштавала, шчыра прызнаюся. А цяпер вось так».


Крымінальны пераслед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансера-кансультанта «Радыё Свабода» Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Падрыхтоўка да парушэння грамадскага парадку») і ч. 2 арт. 293 («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля ператрусу дома ў Баранавічах. На яго тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асвятляў падзеі выбараў прэзідэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

15 снежня пасля выстаўлення другога абвінавачання Ігар Лосік абвясціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачанне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясце на вачах у адваката і следчага, а таксама абвясціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка змясцілі ў карцар следчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры з якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачанні, невядома. Яго адвакат Дзмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошванні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.