Рыгор Кастусёў і яшчэ пяцёра чалавек прызнаныя палітвязнямі

Усяго палітычных зняволеных у Беларусі стала 933.

kastusiou_3011.jpg

Яшчэ шасцёра чалавек прызнаныя правааабарончай супольнасцю палітвязнямі ў Беларусі, паведамляе «Вясна».

Гэта палітык, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, а таксама Сяргей Петрушэнка, Андрэй Гарун, Таццяна Карповіч, Руслан Кузьміч і Андрэй Аўсіевіч.

Сяргея Петрушэнку абвінавацілі паводле арт. 130, 352 КК («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і розні па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненыя групай асоб і інш.») за перадачу даных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу. Ён знаходзіцца пад вартай знаходзіцца з чэрвеня 2021 года.

Андрэю Гаруну інкрымінавалі ч. 3 арт. 130 КК за перадачу ў тэлеграм-канал даных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў.

Таццяна Карповіч затрыманая па абвінавачанні паводле арт. 130 КК — за перадачу даных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў і суддзяў тэлеграм-каналу.

Руслан Кузьміч знаходзіцца пад вартай па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 арт. 361-4 за публікацыю каментара пад здымкам чалавека са зброяй у руках: «Ок, надыйшоў час даставаць зброю. Жыве Беларусь!»

Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў няволі па абвінавачванні ў «змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады»» паводле арт. 357 КК. Кіраўнік партыі БНФ праходзіць па крымінальнай справе разам з Аляксандрам Фядутам і Юрасём Зяньковічам.

Таксама вядома пра асуджэнне ў закрытым судовым пасяджэнні Андрэя Аўсіевіча паводле арт. 130 («Распальванне варожасці ці розні»), арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») КК за каментары ў інтэрнэце — да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Усяго палітвязняў у Беларусі сёння 933.