Сацыёлагі вызначылі пяць асноўных праблем для беларусаў
Яшчэ ў канцы 2021 года беларусаў па ўсёй краіне хвалявала прыкладна адно і тое ж. Цяпер мінчане больш баяцца вайны і мабілізацыі, а ў рэгіёнах часцей кажуць пра кепскае эканамічнае становішча і складанасці з пошукам працы.
Да такой высновы прыйшлі даследчыкі Цэнтра новых ідэй па выніках лютаўскага апытання, піша «Е*рарадыё». Апытанне праводзілася анлайн сярод пратэснай аўдыторыі. Атрымана 1775 адказаў. Выбарка зрушана ў бок рэспандэнтаў, якія маюць вышэйшую адукацыю — 74% апытаных. Доля рэспандэнтаў з Мінска складае 27%, жыхароў вёсак — 12%. Астатняя частка прыпадае на іншыя населеныя пункты.
Даследчыкі адзначаюць, што такая выбарка не дазваляе распаўсюдзіць высновы на ўсё беларускае грамадства. Тым не менш, вынікі даюць уяўленне пра жыццё беларусаў, бо з праблемамі ў медыцыне, адукацыі або з кепскімі дарогамі сутыкаюцца ўсе, хоць і могуць гэта па-рознаму ўспрымаць.
Пяць асноўных праблем беларусаў
Праблемы ў беларусаў не ўсюды аднолькавыя, таму ў справаздачы тры блокі: мінчане, жыхары абласных цэнтраў і жыхары рэгіёнаў. Пад рэгіёнамі разумеюцца аграгарадкі і вёскі, пад гарадамі — гарадскія пасёлкі, раённыя цэнтры.
— Галоўнае адрозненне Мінска ў тым, што тут першыя дзве праблемы так ці інакш звязаны з даверам да ўлад і сілавых структур, — кажа дырэктар Цэнтра новых ідэй Антон Раднянкоў. — Потым праблемы, звязаныя з высокімі цэнамі. Яны хвалююць усіх беларусаў. Чацвёртая праблема — гэта пагроза мабілізацыі. Усе апытаныя намі беларусы вельмі ўважліва сочаць за навінамі пра вайну, але менавіта жыхары Мінска адчуваюць пагрозу мабілізацыі. І апошняя праблема для жыхароў Мінска — гэта міграцыя.
Магчыма, гэта звязана з тым, што для жыхароў рэгіёнаў ездзіць кудысьці працаваць — звычайная справа, для жыхароў Мінска, калі людзі з'язджаюць, гэта больш непрыемная сітуацыя.
Калі ў Мінску праблема №1 — «міліцыя не выклікае даверу», то ў абласных цэнтрах гэта «нізкія заробкі», а ў рэгіёнах — «мала добрых месцаў для працы».
— У рэгіёнах пазіцыя «міліцыя не выклікае даверу» знаходзіцца толькі на пятым месцы, хоць у Мінску яна на першым, — працягвае эксперт.
Адсутнасць добрай працы хвалюе 13% апытаных у Мінску, 43% — у абласных цэнтрах і 53% — у рэгіёнах. Пры гэтым 90% рэспандэнтаў па ўсёй краіне адзначаюць, што знайсці добрую працу цяжка.
— І больш за 80 працэнтаў апытаных з райцэнтраў лічыць, што добрай працы ў іх населеных пунктах проста няма. Як сказаў адзін з удзельнікаў, праца ёсць — грошай няма, — каментуе незалежны даследчык Міхаіл Мацкевіч.
«Пагроза патэнцыйнай смерці робіцца не такой істотнай»
Яшчэ адно адрозненне ў залежнасці ад месца жыхарства — гэта розніца ва ўспрыманні пагрозы мабілізацыі.
— У Мінску і ў абласных гарадах гэты працэнт высокі, — працягвае Мацкевіч. — Усім важна чытаць і глядзець навіны пра вайну ва Украіне, але ў той жа час у рэгіёнах настолькі высокая доля сацыяльных і эканамічных праблем, што пагроза мабілізацыі, то-бок па сутнасці пагроза патэнцыйнай смерці, робіцца не такой істотнай у параўнанні з пагрозай для жыхароў Мінска. І гэта, напэўна, адна з самых цікавых высноў даследавання.
Пра пагрозу мабілізацыі кажуць 48% апытаных у Мінску, а вось у іншых частках Беларусі яна не трапіла ў топ-5 праблем.
Пры гэтым пратэсна настроеныя беларусы вельмі моцна пагружаны ў ваенную праблематыку. Даследчыкі прасілі ацаніць па шкале да 10 цікавасць да пэўных тэм у навінах. Інфармацыя пра вайну аказалася найбольш актуальнай.
Потым у топе арышты, рэпрэсіі, палітвязні і рост цэн. З такім наборам нядзіўна, што 39% рэспандэнтаў згодныя, што беларускае грамадства знаходзіцца ў дэпрэсіі. Яшчэ 48% сказалі, што хутчэй згодныя з гэтым сцвярджэннем.
Да гэтага дадаецца незадаволенасць якасцю медыцыны. Праўда, тут таксама вынікі не для ўсёй Беларусі аднолькавыя. Пра нізкую якасць медпаслуг гаворыць 41% апытаных з рэгіёнаў, а ў Мінску і абласных цэнтрах такая праблема прыкладна ў 20% рэспандэнтаў.
Да адукацыі ў людзей пытанняў менш. Тым не менш у Мінску 22% заяўляюць пра дрэнную якасць адукацыі, а ў абласных цэнтрах і рэгіёнах — 13% і 10% адпаведна.
— Цяпер беларусы спрабуюць выжываць. З аднаго боку — вайна, з другога — дзяржава, да якой няма даверу і якую ўспрымаюць як праблему. І пры гэтым цяжкая эканамічная сітуацыя. Нам здаецца, што становішча ў рэгіёнах будзе пагаршацца і далей. У дзяржавы ўсё менш і менш інструментаў, а цяпер і жадання працаваць з гэтай праблемай, — заключае Антон Раднянкоў.