Сям'я збіралася на лецішча, а трапіла за краты

Затрымалі 20-гадовага хлопца разам з яго бацькамі. Сям'ю асудзілі агулам на 55 сутак на ўсіх, піша тэлеграм-канал Вясна назірае.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У суботу 23 студзеня мінская сям'я Рудзёў збіралася на лецішча. Бацькі з сынам накіроўваліся да метро, дзе іх чакала дачка. Але на адпачынак яны так і не даехалі: на Бельскага недалёка ад іх спыніўся бус і выбеглі сілавікі. Яны затрымалі сына, Андрэя Рудзя. Бацькі прайшлі да буса, каб папрасіць адпусціць яго. Сілавікі сказалі ім ехаць да Фрунзенскага РУУС, каб атрымаць тлумачэнні. Уладзімір і Святлана самі селі ў бус сілавікоў, каб не адпускаць сына.
У гэты час дачка не магла датэлефанавацца ні да бацькоў, ні да брата. Дома іх таксама не было, таму яна паехала пісаць заяву аб знікненні трох чалавек у Фрунзенскі РУУС, дзе і сустрэла бацьку.
У выніку суддзя Фрунзенскага суда Юлія Чыж прызнала сына і маму сям'і Рудзёў вінаватымі па арт. 23.34 КаАП і прысудзіла ім па 15 сутак арышту.
А бацька, Уладзімір Рудзь, па рашэнні суддзі Алы Скуратовіч, быў асуджаны на 25 сутак па арт. 23.34 і 23.4 КаАП.