Сёння пройдуць суды над затрыманымі ў Мінску ўдзельнікамі "Чарнобыльскага шляху"
Шэсць удзельнікаў праведзенай у Мінску 26 красавіка акцыі "Чарнобыльскі шлях", затрыманы пасля завяршэння мітынгу і дастаўленыя ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, паўстануць 28 красавіка перад судом Савецкага раёна сталіцы.
Як паведамляюць праваабаронцы, у ліку затрыманых гамяльчанін Юрый Рубцоў і жыхар Стаўбцоўскага раёна Леанід Смоўж.
Нагадаем, традыцыйнае шэсце ва ўгодкі аварыі на ЧАЭС пачалося ў Мінску ад кінатэатра "Кастрычнік". Па вуліцах сталіцы да парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор прайшло да 400 чалавек. Акцыя завяршылася мітынгам, удзельнікі якога запатрабавалі спыніць будаўніцтва ў Астравецкім раёне атамнай станцыі.
Рубцоў падчас шэсця ў каментарыі БелаПАН заявіў, што не баіцца магчымага арышту, а нават жадае гэтага. Ён быў апрануты ў майку з надпісам на спіне: "Арыштуйце мяне. Нагода? Я
супраць Лукашэнкі". На грудзі было напісана "Лукашэнка, сыходзь".
"Я падрыхтаваўся да затрымання. Падчас судовага працэсу буду патрабаваць ад міжнароднай супольнасці адмяніць чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску", — сказаў
Рубцоў.
Затрыманні актывістаў апазіцыі пачаліся ў Мінску за некалькі дзён да акцыі. На працягу мінулага тыдня былі затрыманыя Ілья Дабратвор, Аляксандр Сцепаненка, Уладзімір Сяргееў, Дзмітрый Дашкевіч,
Аляксандр Францкевіч, а таксама адзін з арганізатараў "Чарнобыльскага шляху" Максім Вінярскі. Усе яны, акрамя Францкевіча, якога яшчэ чакае суд, былі прыгавораныя да арыштаў тэрмінам
ад 5 да 25 сутак на падставе розных артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства, супраціўленне работнікам міліцыі, парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду). Вінярскі ў
знак пратэсту супраць незаконнага прыгавору абвясціў сухую галадоўку.
Андрэй Серада, БелаПАН