Сёння ў Мінску затрымалі пенсіянераў — за беларускія кнігі

Раніцай у пятніцу ў Мінску затрымлівалі пенсіянераў, пасажыраў электрычкі, якая ехала ў напрамку Маладзечна. Ім прад'яўляюць удзел у несанкцыянаванай акцыі — пажылыя людзі чыталі ў цягніку кнігі беларускіх пісьменнікаў, па некаторых дадзеных, у кагосьці ў руках былі і бел-чырвона-белыя сцяжкі.

Чыгуначны вакзал у Мінску, ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Чыгуначны вакзал у Мінску, ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Як паведамілі праваабаронцам "Вясны", сёння ў 10:45 у момант выхаду з электрычкі на станцыі Мінск-Паўночны была затрыманая група пенсіянераў. Затрымлівалі людзі ў цывільным. Па словах відавочцы, затрымалі 8 чалавек, яны ў электрычцы чыталі беларускія кнігі — акцыя ў падтрымку беларускай мовы. Затрыманых даставілі ў Заводскі і Партызанскі РУУС. Сярод затрыманых:
Галіна ГулянковаНаталля Іванісава (1946 г.) Святлана Лазебнікава (1961 г.) Ірына Новік (1961 г.)
Як піша tut.by, адна з пасажырак электрычкі Мінск - Маладзечна напісала, што бачыла пенсіянераў, якія чыталі кнігі беларускіх пісьменнікаў.
 У некаторых было трохі сімволікі: невялікія сцяжкі, бранзалеты, стужачкі. Людзі выйшлі на прыпынку Мінск-Паўночны. Я чула потым толькі нейкі крык на вуліцы. Дзяўчына, якая ўвайшла ў вагон, сказала, што кагосьці затрымалі. Колькі чалавек — не ведаю, — адзначае суразмоўца.
Ёсць таксама інфармацыя, што затрыманні былі не толькі на станцыі Мінск-Паўночны, але і на станцыі Ждановічы, а таксама на прыпыначным пункце Масюкоўшчына. Адзін з чытачоў напісаў, што бачыў, як характэрны мікрааўтобус стаяў ля выхаду з падземнага пераходу на Масюкоўшчыне, а людзі ў цывільным спынілі дзвюх жанчын, магчыма, даглядалі рэчы.
У спісе затрыманых сёння ад "Вясны" ёсць 75-гадовая Наталля Леанідаўна. Яе спынілі на станцыі Ждановічы, пасадзілі ў мікрааўтобус, адтуль адвезьлі ў РУУС, а потым і ў суд Заводскага раёна Мінска.
Яе аштрафавалі на падставе артыкула 23.34 КаАП на 25 базавых (725 рублёў) і адпусцілі дадому.
У судзе жанчына cказала, што ў той электрычцы ня ехала, у акцыі не ўдзельнічала, вярталася з хаты за горадам, дзе жыве.
Літаратура беларускіх пісьменнікаў у яе сумцы была.
— Там былі насенне на расаду і кнігі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў: Ніл Гілевіч, Васіль Вітка, Артур Вольскі. Супрацоўнік у РУУС сказаў, што ўсё гэта — апазіцыйная літаратура. Спытаў, чаму я ёй цікаўлюся. Я сказала, што жыву ў Беларусі — чаму я не магу ёй цікавіцца? — расказала яна TUT.BY.
Па словах жанчыны, у пратаколе запісана, што пенсіянеры былі ў бел-чырвона-белых строях, крычалі «Жыве Беларусь» і прымалі ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
— Яшчэ было напісана, што я затрыманая на Кальварыйскай, хоць на самай справе гэта было ў Ждановічах, — дадае жанчына.
Наталля Леанідаўна лічыць, што судзілі яе сёння, не адкладваючы, толькі ў сілу яе ўзросту.
Паводле інфармацыі TUT.BY, па меншай меры яшчэ адна затрыманая сёння пенсіянерка чакае суда на Акрэсціна. Можна меркаваць, што яна прабудзе там да панядзелка.
Атрымаць каментар ад міліцыі пакуль не ўдалося. 
Колькі дакладна чалавек трапілі ў міліцыю ў сувязі з акцыяй у электрычцы, невядома. У адным з телеграм-каналаў са спісамі ад валанцёраў у цэлым затрыманымі за 26 лютага значацца 14 чалавек.