Слонімскі райвыканкам з грушай і яблыкам

Камунальныя службы Слоніма ідуць у нагу з ланшафтнай модай. І гэта невыпадкова, бо ў цэнтры старажытнага горада вельмі шмат пустых месц , а іх трэба ж чымсьці запоўніць. Цяпер на гэтых месцах з’яўляюцца розныя часовыя скульптуры: то сланы, то гусі, то іншыя фігуры.



123.jpg

Чаму менавіта каля райвыканкама? Фота Сяргея Чыгрына.

На днях насупраць Слонімскага райвыканкама ўстанавілі яблык і грушу. Цяпер слонімцы думаюць, чаму менавіта ў гэтым месцы паклалі яблык і грушу, а не ў якім-небудзь іншым. Некаторыя слонімцы смяюцца і прыгадваюць прымаўкі, накшталт такіх: яблык ад яблыні недалёка падае, ад асіны яблык не народзіцца, які садоўнік, такі і яблык, яблык на дрэве, ды і той гнілы, калі на сасне грушы будуць…

Вядома ж, ланшафтная мода — гэта добра. Але да сённяшніх дзён у Слоніме няма ніводнага бюста і помніка славутым землякам, а іх дзесяткі: літаратараў, музыкантаў, дактароў, навукоўцаў. Таму замест помнікаў вядомым слонімцам, ставяць гусей, сланоў, яблыкі і грушы.